Аранжавая рэвалюцыя плаўна перайшла ў эвалюцыю. Выкананы яе апошнія патрабаваньні. У сераду ўкраінская Вярхоўная Рада пакетам зацьвердзіла, а Леанід Кучма проста ў залі пасяджэньняў падпісаў зьмены ў Канстытуцыю, новы склад Цэнтравыбаркаму, зьмены ў закон пра выбары прэзыдэнта. Адначасова была прынятая адстаўка Генпракурора. З восені 2005 г. Украіна ператворыцца ў парлямэнцка-прэзыдэнцкую рэспубліку, у якой урад будзе прызначацца парлямэнцкай большасьцю. Страціў пасаду старшыня Цэнтравыбаркаму Сяргей Ківалаў.

За «пакет» прагаласавалі 402 дэпутаты з 450-ці. Супраць была толькі радыкальная апазыцыя з фракцыі Юліі Цімашэнкі. Не галасаваў сам Віктар Юшчанка — меркаваны пераможца перагаласаваньня, прызначанага на 26 сьнежня. Гэта ягоныя паўнамоцтвы будуць абмежаваныя. Уся ягоная фракцыя «Наша Ўкраіна» галасавала «за», і гэта Юшчанка пераканаў іх у непазьбежнасьці абмежаваньня прэзыдэнцкае ўлады.

Рада атрымае права прызначаць па прапанове прэзыдэнта прэм’ера, міністраў абароны, замежных справаў. Кандыдатуры іншых міністраў прапануе прэм’ер. Генпракурор назначаецца са згоды парлямэнту, Цэнтравыбаркам — самім парлямэнтам. Права прэзыдэнта распускаць Вярхоўную Раду моцна абмяжоўваецца.

Тэрмін паўнамоцтваў парлямэнту, пачынаючы ад наступнага скліканьня, павялічыцца да пяці гадоў. Абірацца парлямэнт будзе паводле прапарцыйнай сыстэмы ад партый і блёкаў.

Канстытуцыйны суд напалову прызначаюць прэзыдэнт і парлямэнт.

Для недапушчэньня выбарчых фальсыфікацый колькасьць «адмацавальных талёнаў», па якіх могуць галасаваць тыя, хто ня мае магчымасьці прыйсьці ў дзень выбараў на ўчастак, абмяжоўваецца лімітам 0,5% ад агульнае колькасьці выбарцаў на ўчастку, а не 4, як раней. Апроч таго, у пашпарце «адмацаванага» будзе ставіцца адпаведная пазнака, якую на выбарчым участку мусяць «пагасіць». Галасаваньне дома дазваляецца толькі інвалідам, якія ня могуць хадзіць, пры наяўнасьці адпаведнай заявы.

Кідаецца ў вочы, што ўсе гэтыя зьмены амаль дакладна супадаюць з патрабаваньнямі беларускае апазыцыі.

Прэм’ер Віктар Януковіч у «пасяджэньні вялікага кампрамісу» ўдзелу ня браў і назваў яго рашэньні «незаконнымі». Ягоныя былыя паплечнікі яго пакінулі, і новым кіраўніком «данецкага» выбарчага штабу стаў Тарас Чарнавіл, сын легендарнага лідэра Народнага Руху Вячаслава Чарнавіла.

Алег Рыбачук, дэпутат «Нашай Украіны», лічыць падзеі серады перамогай свайго кандыдата. А Януковіч? «Гэта цяпер рэгіянальны лідэр», — мяркуе нашаўкраінец. Апазыцыя мела ў сераду ўвечары абвесьціць аб спыненьні мітынгу-марафону на Майдане Незалежнасьці.

Сяргей Мікулевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0