Каля прахадной Магілёўскага малочнага камбінату падчас раздачы інфармбюлетэню "Заводская проходная" і рэгіянальнага спэцвыпуску "Вестника профсоюза" быў затрыманы прафарг моладзевай філіі гарадзкога прафсаюзу РЭП(АМ) Сяргей Нягацін. Сябры незарэгістраванага "Маладога фронту" Андрэй Лагавіер і Сяргей Іваноў зь Віцебску 7 сьнежня абскардзілі штрафы, накладзеныя на іх адміністрацыйнымі камісіямі: пастановы пра штрафы прыйшлі па сканчэньні тэрміну, неабходнага для абскарджваньня ў судзе. Журналіст радыё "Свабода" Альгерд Невяроўскі 8 сьнежня атрымаў папярэджаньне ад пракуратуры Беларусі за артыкул і фатаздымкі на сайце "Свабоды": у артыкуле апавядалася, што на адным зь менскіх участкаў раздавалі рэфэрэндумныя бюлетэні з ужо пазначаным адказам "так". Кіраўніка "МФ" Паўла Севярынца дапыталі 8 сьнежня ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту МУС па Менску як сьведку ў справе пра масавыя беспарадкі ў сталіцы 18-19 кастрычніка. Мікалай Аксаміт, удзельнік нядаўняй галадоўкі пратэсту ў Ваўкавыску, 9 сьнежня арыштаваны на пяцёра сутак: міліцыянты сьцьвярджаюць, што былы дэпутат Вярхоўнага Савету, мастак нібыта лаяўся матам. Актывісты ПБНФ, дэпутаты райсаветаў Менскай вобласьці Алесь Міхалевіч і Юры Зянковіч 9 сьнежня атрымалі адказ ад абласной пракуратуры на сваю скаргу з нагоды таго, што іх як дэпутатаў мясцовых саветаў пазбавілі права ўдзельнічаць у выбарах дэпутатаў савету рэспублікі: скаргу нібыта накіравалі ў Маладэчанскую міжрайпракуратуру, куды яна ўжо падавалася. Пiкет на ўгодкі прыняцьця Ўсеагульнай дэклярацыi правоў чалавека правёў у Горадні Раман Юргель. На вулiцы Савецкай ён раздаваў мiнакам Дэклярацыю аб правах чалавека i памяткi, як сябе паводзiць падчас затрыманьня мiлiцыяй. У руках ён трымаў партрэт Зьмiтра Завадзкага. Мiлiцыянты зьявiлiся праз паўгадзiны ад пачатку акцыi. Яны запiсвалi ўсё, што адбывалася на Савецкай, на вiдэа. Але не затрымалi праваабаронцы i не перашкаджалi яму. 10 сьнежня актывіст незарэгістраванага "Зубра" Андрэй Баранаў аштрафаваны на 150 базавых велічынь за распаўсюд газэты з заклікам прыняць удзел у акцыі, прымеркаванай да Дня правоў чалавека. Затрыманага разам зь ім Максіма Вінярскага маюць судзіць 17 сьнежня. 10 сьнежня Вольга Завадзкая накіравала генпракурору Пятру Міклашэвічу скаргу на адмову пракуратуры аднаўляць справу па новаадкрытых акалічнасьцях зьнікненьня яе сына. На Вераніку Выгоўскую, затрыманую ў Лінгвістычным унівэрсытэце (Менск) 10 сьнежня падчас раздачы газэты "Революция" й расклейкі налепак, склалі акт паводле арт.143 КаАП ("антысанітарыя"). На кватэры сябра АГП, намесьніка дырэктара НІСЭПД Аляксандра Саснова 13 сьнежня супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. Аднаго зь лідэраў Эўрапейскай кааліцыі "Свабодная Беларусь" Зьмітра Бародку 14 сьнежня выклікалі ў Барысаўскае гарадзкое аддзяленьне УКДБ па Менску й Менскай вобласьці ды папярэдзілі, што ягоны ўдзел у масавых акцыях пратэсту трапляе пад арт.342 КК (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, ці актыўны ўдзел у іх).

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0