Першым мэдыюмам у маім кантакце з кнігамі-прывідамі выступіў часопіс «Крыніца», паведаміўшы пра выданьне Сёмухавага перакладу «Сымпліцысымуса» ды Скарынкінавага — «Боскае камэдыі». Я знайшоў людзей, якія ўпэўнена сьцьвярджалі, што кнігі выйшлі з друкарні, але тых, хто бачыў іх на ўласныя вочы, сустрэць не давялося.

На сёньня гэтыя кнігі можна лічыць неактыўнымі і нават падзабытымі зданямі. Але экалягічная ніша не пустая. Больш за тое — адбываюцца зусім ужо неймаверныя працэсы перацягваньня аб’ектаў з рэальнага сьвету ў нематэрыяльны.

Будзем рухацца паводле запаветаў Борхеса ў кірунку ўзмацненьня прывіднасьці.

1. Леанід Маракоў, «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзянскія і культурныя дзеячы Беларусі 1794—1991». Том 3, магчыма — першая частка. Наклад — ці то 25, ці то 50 асобнікаў.

Лёс гэтага даведніка найбольш вярэдзіць душу. Пераводзіць даведнік у разрад прывідаў практычная адсутнасьць публічных водгукаў, асабліва ад адмыслоўцаў. Не павінна такое выданьне быць клопатам і справаю аднаго чалавека. Калі ж сталася такое, дык праца мусіць атрымаць водгук з боку грамадзтва. Кнігі такога кшталту ня будуць і не павінны быць штодзённым чытаньнем шырокіх масаў, але ж масы мусяць ведаць пра іхняе існаваньне.

2. Аркадзь Ліцьвін, «Галс», аповесьць з 1734 году. Наклад, хутчэй за ўсё, — 2 асобнікі.

Нават у дачыненьні да прывідаў патрабуюцца доказы існаваньня. «Галс» сп.Ліцьвіна можа пахваліцца ўрыўкамі, надрукаванымі ў «Беларусе», і такім чынам пераўзыходзіць (наколькі я магу меркаваць) абсалютна віртуальнага «Don Giovanni» сп.Жураўскага, урыўкі зь якога летась зьявіліся на «Беларускай палічцы» сусьветнага сеціва. На сёньня, наколькі вядома са слоў аўтара, аповесьць займела два папяровыя асобнікі й дзясятак-паўтара-два чытачоў, ня лічачы тых, хто пазнаёміўся з урыўкамі, і такім чынам, я мяркую, наблізілася па ахопе аўдыторыі да некаторых сваіх субратоў з рэальнага сьвету.

3. Макс Шчур, «Там, дзе нас няма», раман. Накладу, хутчэй за ўсё, няма.

Тут становішча зусім парадаксальнае. Доказаў існаваньня практычна ніякіх. У той жа час раман, якога ніхто ня бачыў, атрымаў сьвежазаснаваную прэмію імя Юхнаўца.

На сайце «Беларуская палічка» на адпаведным (падазрона неактыўным) форуме зьяўляюцца два паведамленьні: адно — пра ўзнагароджваньне раману прэміяй, падпісанае «Сяржук Сокалаў-Воюш», і другое, з падзякаю, ад імя Макса Шчура. Вышэйзгаданы «Беларус» пастфактум друкуе тэкст, названы ўрыўкам з раману-ляўрэата. З прапанаванага тэксту нельга зразумець, чым раман гэтак прывабіў журы прэміі, але лёгка зразумець, што матывы радыкальнай палітычнай сатыры дзейсна перашкодзяць знаёмству зь ім беларускіх чытачоў.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

Горадня

P.S. Калі хто тых прывідаў ня бачыў, памятайце, што гэта прывіды. Калі нейкіх прывідаў не заўважыў аўтар гэтых радкоў — вазьміце пад увагу, што гэта таксама прывіды.

P.P.S. Прашу паважаную рэдакцыю лічыць гэты допіс маім удзелам у апытаньні на тэму «кнігі году».

Даніла Жукоўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0