In memoriam

На паніхіду я пайшоў бяз кветак. Не хацелася набліжацца да труны. Калі ты прасядзеў з чалавекам сотні вечароў за вясёлым гарэлачным сталом, вельмі цяжка і нават няёмка глядзець на ягонае скутае сьмерцю цела. А раз ёсьць магчымасьць не глядзець, я і не глядзеў. Пастаяў, музыку паслухаў… Недзе далёка, за сьпінамі, за патыліцамі прысутных, за зялёнымі лапкамі вянкоў я на адно імгненьне ўбачыў шэры, нібыта скамянелы пад дажджамі кавалак солі, лоб нябожчыка і сышоў. Слухаць падлючых чыноўнікаў, што ўсё жыцьцё цкавалі Сяргея, а на паніхідзе спрабавалі выбачацца, я ня стаў. Мне гэтыя выбачэньні ня трэба, а Сяргею — тым больш. Увечары, перабіраючы і разглядаючы фатаздымкі, на якіх Сяргей Войчанка быў жывы і вясёлы, я засумаваў моцна і склаў эпітафію:

Мы малявалі, балявалі,

Пілі гарэлку, разважалі

Пра зоркі Чапліна з Шагалам.

Гарэлкі ўсё было замала.

Жыцьцё прайшло, і ты памёр.

Цябе занесьлі на касьцёр,

У родны менскі крэматорый.

Такая простая гісторыя

З Шагалам, Чапліным і зоркамі

Над беларускімі пагоркамі.

Здаецца, што хацеў — сказаў.

Павольна коціцца сьляза,

Сьляза падобная да зоркі

Высокай і блакітна-горкай.

Адам Глёбус

P.S. Мастакі пасьля пахаваньня небеспадстаўна панапіваліся і шчыра плакалі разам са сваімі жонкамі і каханкамі, яны аплаквалі ня толькі Сяргея — мы аплаквалі сваю незваротную, п’яную і таленавітую, рэвалюцыйную маладосьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0