З нагоды 65-годзьдзя заснаваньня філялягічнага факультэту БДУ згадалі пра юбілей некаторыя друкаваныя СМІ. Па тэлебачаньні, радыё прайшла інфармацыя аб адкрыцьці кабінэту беларускай філялёгіі, прымеркаваным якраз да сьвята. На старонках «Нашай Нівы» таксама зьявіліся інтэрвію і артыкулы колішніх выпускнікоў філялягічнага факультэту. Сярод іх опусы А.Шанскага і А.Івашчанкі «Ад «бабфаку» да «бабфаку» і «Халодны агмень «філёлупаў». Менавіта яны і навялі на роздум пра культуру і этыку журналіста. Чым яна вызначаецца? Чаму старонкі паважанай газэты раптам квітнеюць загалоўкамі, якія арганічныя для фэльетону, але выклікаюць непаразуменьне ў артыкуле з прэтэнзіяй на гісторыка-аналітычны агляд?

Возьмем кідкі загаловак «Ад «бабфаку» да «бабфаку». Відаць, аўтар (у далейшым — Аўтар) А.Шанскі доўга думаў, як бы гэтак больш «эфэктна ды адразу ёмка» выказаць свае адносіны да alma mater. Што на філфаку заўсёды больш дзяўчат, чым хлопцаў, — факт вядомы. І ня толькі на філфаку — такое становішча на ўсіх гуманітарных факультэтах. Але наш глыбокі аналітык робіць з гэтага выснову пра /…/ «адсутнасьць прадуманай стратэгічнай праграмы разьвіцьця». Гэта як разумець? Як злучана колькасная большасьць дзяўчат з вучэбнай праграмай? Хіба ж студэнткі вызначаюць стратэгію разьвіцьця факультэту, як гэта вынікае з закідаў сп.Шанскага? Аўтар увогуле чалавек незвычайны, вольна і сьмела разбурае стэрэатыпы. Пад ягонай уладай філялягіні-багіні (так заўсёды называлі нашых студэнтак) сыходзяць са свайго Алімпу да — выбачайце, вульгарызму — баб у балоце. Цяжка зразумець агрэсіўнасьць Аўтара, якая празрыста выяўляецца ва ўжываньні ваеннай лексыкі: тут і ўжо нагаданыя піратэхнікі, і трафэі, і барыкады, і бастыёны, і выбуховая атмасфэра і г.д. Калі сп.Шанскі падкрэсьлівае ў назьве свайго артыкулу гендэрны аспэкт філфаку, то ягоны калега зьвяртае ўвагу на інтэлектуальны: паводле сп.А.Івашчанкі, філёлягі годныя звацца толькі «філёлупамі» (аўтарскі нэалягізм). Але навошта самавызначэньне пераносіць на ўсіх?!

Поўны варыянт артукулу чытайце ў газэце "Наша Ніва"

P.S. Ганарар пералічыце, калі ласка, на рахунак ТБМ імя Францыска Скарыны.

Дац. З.І.Бадзевіч, загадчыца катэдры сучаснай беларускай мовы, праф. М.Р.Прыгодзіч, загадчык катэдры гісторыі беларускай мовы, праф. Т.І.Шамякіна, заг. катэдры беларускай літаратуры і культуры, дац. М.В.Хаўстовіч, заг. катэдры гісторыі беларускай літаратуры, дац. С.У.Махонь, намесьнік заг. катэдры расейскай мовы, праф. С.Я.Ганчарова, заг. катэдры расейскай літаратуры, праф. І.А.Чарота, заг. катэдры славянскіх літаратур, дац. В.В.Халіпаў, заг. катэдры зарубежнай літаратуры, праф. В.П.Рагойша, заг. катэдры тэорыі літаратуры, дац. Г.І.Шаўчэнка, заг. катэдры клясычнай філялёгіі, праф. Б.Ю.Норман, заг. катэдры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства, праф. Л.М.Чумак, заг. катэдры прыкладной лінгвістыкі, дац. І.У.Таяноўская, в.а. заг. катэдры рыторыкі і мэтодыкі выкладаньня мовы і літаратуры, праф. Н.М.Ніжнёва, заг. катэдры англійскага мовазнаўства, дац. С.С.Стэля, заг. катэдры нямецкага мовазнаўства, дац. С.В.Логіш, заг. катэдры раманскага мовазнаўства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0