Рыгор Барадулін, паэт:

— Я б хацеў апынуцца ў беларускай Беларусі.

Лявон Вольскі, рок-музыка:

— Каб зьмяніўся дзяржаўны лад... Гэтая рэч вырашыла б шмат якія праблемы. І фінансавага характару, і прафэсійнага.

Аляксандар Дабравольскі, палітык:

— Я хацеў бы, каб у наступным годзе зьявіўся, дзякуючы нашай сумеснай працы, агульнанацыянальны лідэр дэмакратычных сілаў. Гэтага я вельмі-вельмі хачу.

Артур Клінаў, мастак:

— Абстрактна я б мог сказаць, што мая мара — гэта мець домік на Блакітным беразе, самаход — ну, «Фэрары», вядома. Але будзем рэалістамі. А калі ўжо зусім рэальна, задзяўбаўся я са сваім самаходам. Я проста ўжо ў трансе поўным. Таму я б хацеў нармальную «Volvo S-70». Мне падабаецца яе дызайн. Таму з набалелых, вострых падарункаў гэтая машына мяне б задаволіла.

Леанід Міндлін, рэжысэр:

— Я б жадаў, каб у наступным годзе навагодняе віншаваньне мы б пачулі ад новага прэзыдэнта.

Уладзімер Колас, дырэктар Беларускага ліцэю:

— Вярнуцца ў свой будынак. Але я разумею, што гэта адбудзецца толькі тады, калі беларусы пачнуць клапаціцца пра саміх сябе. І пачнуць нешта рабіць дзеля таго, каб жыць так, як беларускія людзі сапраўды гэтага вартыя.

Апытваў Зьміцер Бартосік

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0