Вынікі году і задумы на наступны

Амаль незаўважанай прайшла інфармацыя, што ў кастрычніку сярэдні заробак у Польшчы дасягнуў 805 даляраў. Вышыня 800 у.а. была ўзятая бяз гучных рэляцый, без уручэньня прэм’еру Бэльку ордэну Дружбы народаў і парадных нумароў «Газэты Выборчай». Што там у нас з заробкам? Ён, налічаны сярэдні, паводле Мінстату, у кастрычніку склаў 370 тыс. рублёў ці то 170 у.а. У палякаў таксама хапае матэрыяльных праблемаў. Але калі ты маеш заробак 3500 злотых або пэнсію 2000, дык гэта ўжо праблемы іншага парадку. Гэта ўжо выбар, у якой цырульні стрыгчыся. Ня чуханьне патыліцы, стрыгчыся ў цырульні ці жонку папрасіць. Як робіць кожны другі беларускі настаўнік.

Новая хваля арыштаў дырэктараў і бізнэсоўцаў нагадала, што ёсьць у Беларусі людзі, якія ацэньваюць свае заслугі й патрэбы на больш як 805 даляраў. Такія людзі ёсьць ва ўсіх краях, і законы яны парушаюць скрозь. Але ў нас іх садзяць на восем, дзесяць гадоў. Садзяць масава, што зноў жа адрозьнівае нас ад якой-небудзь Польшчы, дзе ўсё больш караюць штрафамі. Бо звышамбітныя людзі рухаюць бізнэс наперад, у выніку чаго пасьля кожны мае свае 805. Мяняюцца законы, каб і яны маглі сумленна зарабляць грошы краіне.

Дзівіць мяне не разрыў ва ўзроўні заробкаў беларусаў і палякаў, хоць і ён таксама. Пачыналі ж у 1991-м з аднолькава пустых паліцаў.

Дзівіць, што палякі ня трубяць ні пра рост эканомікі на 10%, ні пра павышэньне рэальных даходаў на 16%. Там гэтыя лічбы год на год не прыходзяцца, здараюцца і крызісы. А Беларусь пры статыстычна найбольшых у Эўропе тэмпах прыросту дзесяці (дый савецкіх пяцідзесяці) апошніх гадоў адрозьніваецца найніжэйшай якасьцю жыцьця.

Я маю гэтаму тлумачэньне. Працэнты росту могуць быць рознымі па якасьці. Нямецкі дом прастаіць 200 гадоў, наш — 70. Аб’ём бэтону аднолькавы, наш яшчэ й большы, і працэнт росту наш большы. Рэжам старыя дрэвы, садзім маладыя. Кладзем спачатку асфальт, пасьля трубы. А ўсё ідзе ад культуры, ад этыкі, ад традыцыі.

Ня будзе дабрабыту, пакуль ня будзе культуры. Ня ўвойдуць у звычку павага да чалавека і прыроды, пакуль ня будзе нацыі і дэмакратыі. Ня зробіць Беларусі падобнай да Швэцыі кітайскі шлях разьвіцьця, з манаполіяй на ўладу і дзяржаўнай уласнасьцю, шлях, на якім спынілася беларуская адміністрацыя. Аб гэтым падумалася за падвядзеньнем вынікаў году.

Што галоўнага прынёс скупы на цяпло 2004 год, настолькі нясонечны, што нават кепска высьпеў вінаград? Якія набыткі нацыянальнага культурнага жыцьця? Беластоцкія беларусы выявіліся досыць дужымі, каб адстаяць сваю газэту «Ніва». Незалежны беларускамоўны фільм «Акупацыя» выйшаў на міжнародную арэну. Паэт Хадановіч у рэкордна кароткі тэрмін спрадаў свае выдадзеныя за ўласныя сродкі першыя кнігі. Пацюпа надрукаваў унікальны літаратуразнаўчы трактат. Заснаваная новая літаратурная прэмія — імя Юхнаўца. У беларускай музыцы — той шчырай, не ФМскай — зьявілася новае імя: Руся. Мастакі пачалі традыцыю Быкаўскіх пленэраў. Безьліч гэтых вялікіх дробных падзеяў яднае тое, што яны адбываліся без удзелу дзяржавы. Вось Драздовіцкія пленэры: жыве ў мястэчку Германавічы энтузіястка Ада Райчонак, яна іх і зьбірае.

Дзяржава самаўхіляецца. Нават на адкрыцьцё помніка Быкаву не дала ні капейкі. І бог зь ёй. Ня хоча як хоча. Абы не ганяла. Супольнасьць грамадзянаў сама створыць новую культуру, хай урадоўцы пасьля далучаюцца.

Вынікі году газэта аналізуе ў гэтым і наступным нумарах.

«Наша Ніва» — ня проста прадукт працы Рэдакцыі, яна застаецца вялікім супольным праектам яе аўтараў і чытачоў, люстэркам буйных, доўгатэрміновых праектаў — беларускай нацыі і краіны Беларусі. Іх ужо не спыніць і не стрымаць. А якасьць залежыць ад кожнага з нас патрошку.

Найлепшыя для Беларусі калядныя падарункі могуць прыйсьці з Кіева. Такога ня будзе, каб Украіна стала ўкраінскаю і эўрапейскаю, а Беларусь засталася савецкаю і расейскаю. Няма мовы бліжэйшай да беларускай, чым украінская, нашы краіны спрадвеку зьвязвала адна доля. Трохі аранжавага на калядных сталах адлюструе нашы мары на новы год.

Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0