Настаўнiца ангельскай

Настаўнiца ангельскай мовы Ася Iосiфаўна прыяжджала ў школу на таксi. Заўсёды! На таксі вярталася і дадому. Грошы, якiя яна траціла за праезд на работу і з работы, i яе зарплата былi прыблiзна сувымерныя, але гэта настаўнiцу ангельскай ня надта турбавала. Яе муж, кандыдат навук i заслужаны вынаходнiк СССР, працаваў калi ня ў тры, дык у дзьве зьмены дакладна, i Ася Iосiфаўна магла дазволiць сабе гэткую раскошу.

Перадвыпускную 9 «Б» яна прыняла прыблiзна з такiм запасам ведаў: найлепшыя маглi палiчыць па-ангельску да дваццацi i з акцэнтам на мяжы яснасьцi сказаць, якая цяпер гадзiна i якую частку сушы займае Soviet Union, дзяржава рабочых i сялян, апора мiру i дэмакратыi ва ўсiм сьвеце (чаму менавiта гэтую тэму ўбiвалi вучням у галаву тузiн англiчанак, што зьмянiлiся за гэтыя гады, яны зразумелi якраз у дзявятай); найгоршыя — два другагодкi, Дрыжд i Сьцяпурка, — ня ведалi па-ангельску нi слова. Але, гаворачы так, Санька трохi палку перагнуў. Адно слова яны ўсё-такi ведалi, нават два — fuck you!

З гэтых бойкiх слоў i павiнна было пачацца кляснае жыцьцё Асi Iосiфаўны. Павiнна было — ды не пачалося. Калi гэтая прыгожая, з шыкоўнаю фрызурай i элегантнай постацьцю жанчына ў крэмавым, зь серабрыстаю аблямоўкаю касьцюме зайшла ў клясу, Саньку адразу ж стукнула ў галаву: шкада яе! Месяцы два, можа, i пратрымаецца — маладая ж, энэргiчная, поўная сiл.

Ася Iосiфаўна пратрымалася да выпускнога вечара, на што аніяк не спадзявалiся два зухi-другагоднiкi. Англiчанка ўзяла 9 «Б» хард-рокам. Такога ўдару пад дых нiхто не чакаў. Зайшла на першы свой урок зь невялiчкiм чамаданчыкам, чым вельмi ўсiх зацiкавiла. Гэтым сваім чамаданчыкам яна і зблытала карты другагоднiкам, якiя рыхтавалi ёй сваю сустрэчу. Дрыжду — прыдурку, iстоце без элемэнтарных паняцьцяў аб прыстойнасьцi, сумленнасьцi i гонары, якi мог так «заазонiць» клясу, што хоць уцякай, і боўдзілу з брудна-шэраю фiзiяй ды жоўтымi ад курэньня зубамi i рукамi Сьцяпурку, вялiкаму аматару патрэнiраваць кулакi на малодшых ды слабейшых і па-заечаму баязьліваму перад дужэйшымi, што маглi пастаяць за сябе.

Сказаўшы звычайнае «Morning», Ася Iосiфаўна паставiла на стол чамаданчык, адчынiла.

— Ды гэта ж прайгравальнiк!

Прапусьцiўшы мiма вушэй зьдзiўленьне вучняў, яна выняла з каляровага пакету з рэклямай элiтарнай джынсавай фiрмы «One» альбом «Led Zeppelin» са знакамiтай «Immigrant song» («Песьняй iмiгранта») i паставiла дыск на прайгравальнiк. Пасьля невялiкай паўзы ў кабінэт, нiбы гром з маланкаю, уварваўся Плант i — застагнаў, загаласiў аб няшчаснай, бадзяжнай долi iншаземца, быццам схапiў клясу за горла — усiх i адразу:

On we sweep with threshing oar,

Our only goal will be the western shore¹.

Добра яшчэ, што вучнi 9 «Б» тады ня ведалi перакладу. Ды ня толькi яны. Бо нішто сабе мэта, ды яшчэ і запаветная!

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі гаэты "Наша Ніва"

¹ Пад стукат вёслаў мы мкнём да запаветнай мэты — берага Захаду. (анг.)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0