Жыцьцё паводле Брэга

Рана ці позна, хоча чалавек ці ня хоча, а будзе вымушаны пачаць жыць паводле Брэга, Амосава, Мантыньяка, ці Маі Гагулан. А гэта значыць, каб жыць далей і назіраць вір жыцьця, ён, гэты чалавек, павінен перастаць есьці.

Калі быць дакладным, то ў сапраўднасьці спачатку ён павінен кінуць паліць, затым піць гарэлку, каньяк, віскі, самагонку, «Санцадары» і процьму розных «Агдамаў» і партвэйнаў. Вы помніце дзіўны партвэйн пад назвай «Тры сямёркі»? Калі вы помніце гэны дзівосны напой, то можна сьмела зазначыць, што ваша жыцьцё, дружа, не прапала дарма. Колькі дзівосных імгненьняў вы перажылі, спажываючы гэты чароўны нэктар, колькі ўзьнёслых мрой, летуценьняў пранеслася ў вашым уяўленьні за гады вясны вашага жыцьця.

Мой знаёмы доктар, да якога я зьвярнуўся, адчуўшы сябе кепска пасьля бурліва пражытых гадоў, паслухаў грукат майго сэрца, паглядзеў мутныя сцулі, што я прынёс у слоічку з-пад маянэзу, доўга ўглядаўся ў мой язык, мераў ціск, мацаў, кратаў органы, глядзеў у розныя месцы, дзюркі, адтуліны і нарэшце зацьвердзіў:

— Хочаш жыць, Мікола, — перастань жэрці.

Пакольку паводле ягоных рэкамэндацыяў раней я ўжо кінуў паліць, а затым перастаў і выпіваць і пасьля ўсяго гэтага ўсё яшчэ заставаўся жыць, то і гэтая незвычайная парада прымусіла мяне яго паслухацца.

— Месяц ня еж, а празь месяц прыйдзеш да мяне, там пабачым, — прамовіў мой знаёмы доктар Лявон і, крутнуўшыся на крэсьле-круцялі да кампутара, даў нырца ў віртуальную рэчаіснасьць.

З наступнага дня я фактычна перастаў есьці, бо тую траву, розныя напоі, гародніну і садавіну, арэхі і семкі сапраўдны мужчына ежай прызнаць ня можа. Пасьля першых дзён неядзеньня я адчуў лёгкае нарастаючае кружэньне ў рэчаіснасьці. Асяродзьдзе пачало размывацца. Звыклая рэчаіснасьць плыла ў маіх вачах лёгкім хісткім туманам. Розныя маленькія і вялікія думкі, нават глябальныя стратэгічныя дзяржаўныя меркаваньні і распрацоўкі, наконт якіх я нават хацеў па электроннай пошце зьвярнуца да Ягонага правасхадзіцельства пана Прэзыдэнта, каб дапамагчы яму ў кіраваньні дзяржавай, — дык вось, гэныя думкі і меркаваньні сплылі некуды ўбок і больш не турбавалі мяне.

Адзіная думка аб ядзе цяпер сядзела ў маёй галаве, як жалезны трактар у дрыгве, і не было аніякай магчымасьці ад яе выратавацца. Мары аб розных любімых мной у жыцьці стравах узьнікалі ў маёй галаве штохвілінна. Я мроіў аб смажаным на патэльні скрылі мяса з сальцам, якое падсмажваецца з абодвух бакоў так, што паміж двума краямі застаецца тая дзівосная пекная скварачка, якая так чароўна растае ў тваім роце, і аб цыбульцы, смажанай разам са скрылёчкамі мяска, і аб бульбачцы ў вялізным рондалі, і аб цэлым слупе пары, якая ўзносіцца да столі. А квашаная капустачка з журавінамі, і ўсё гэта пад чарачку жытнёвай… І размовы, дзіўныя мужчынскія размовы пра розныя гераічныя выпадкі, загадкавае і таемнае каханьне, незвычайныя здарэньні, рэдкую ўдачу…

Менск, 12.10.2004

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі гаэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0