У другой палове дня 20 сьнежня затэлефанаваў Уладзя Губскі. «У мяне сумная вестка. Сёньня памёр Васіль Мядзелец…»

Гэты чалавек быў сапраўдным нацыянальным героем. Лідэр глыбоцкай групы моладзевай падпольнай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў, у 1947 годзе Васіль Мядзелец быў асуджаны да сьмяротнага пакараньня, якое потым замянілі на 25 гадоў пазбаўленьня волі. Пра такіх здымаюць фільмы, імёнамі такіх называюць вуліцы.

Цэлы вечар чытаў кнігу «Гарт. З успамінаў пра Саюз беларускіх патрыётаў», якую ў 1997 годзе надрукавала выдавецтва «Наша Ніва». На яе старонках Васіль Мядзелец згадвае: «Ствараючы Саюз беларускіх патрыётаў, мы ня ставілі перад сабой нейкіх асаблівых задач. Найперш дбалі пра нашу Бацькаўшчыну, каб яна засталася сама сабой, зь беларускай дзяржаўнай мовай, з гістарычнай сымболікай — бел-чырвона-белым сьцягам і гербам «Пагоня», са сваёй культурай, гісторыяй, каб была сапраўды свабоднай, сувэрэннай, сапраўды шчасьлівай. Вядома, мы не маглі не разумець, што гэтага не дабіцца без сапраўднай дэмакратыі, бязь цьвёрдых гарантыяў правоў чалавека, без грунтоўных зьменаў у эканоміцы».

Як пра наш дзень.

Былыя сябры СБП падарылі мне гэтую кнігу з надпісам: «Шаноўнаму Алесю Аркушу на добры ўспамін». І роўненькі слупок подпісаў: В.Мядзелец, Алеся Фурс, Антон Фурс, Марыя Бялевіч, Л.Бялевіч. Яны былі разам праз усё жыцьцё, нягледзячы на ўсе ГУЛАГі і эмгэбэшныя катавальні.

На добры ўспамін. Так проста. І так важна. Каб ён быў.

Алесь Аркуш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0