З жаданьнем жыхароў пазбавіцца ад змрочнай назвы можна пагадзіцца: наўрад ці каму даспадобы жыць на вуліцы Асьвенцімскай ці ў Расстрэльным завулку. Тым больш, у тапаніміцы раёну ўжо дамінуюць расьлінныя матывы. Нельга, аднак, не заўважыць, што, прыбіраючы назву, гарадзкая ўлада не паклапацілася пра захаваньне памяці пра забойствы. Тым больш што і ў гэтым напрамку ініцыятыў хапае. Праблема, такім чынам, не ў канкрэтным перайменаваньні, а ў сэлекцыйным падыходзе. Бо голас народу, паводле выразу Караткевіча, — голас «бога з машыны», а ўлада — рэжысэр, які загадвае, калі тую машыну пусьціць у рух. Таму мы ідзём па Вінаграднай як мага далей ад Курапатаў, да сьветлага жыцьця. У мінулым, якім хочуць яго бачыць праектанты нашае будучыні, рэпрэсіям няма месца. А гэта значыць, што ўжо сёньня пра тыя пастаўленыя на канвэер забойствы ня трэба згадваць.

Дыялектыка: замоўчваючы забойствы, па нейкім законе захаваньня мусім часьцей і часьцей згадваць забойцаў. Натуральна, ня ў гэткім статусе. Тапаніміка па-ранейшаму поўніцца імёнамі Дзяржынскага, Ландэра ды іншых. Яны застаюцца на месцы, застаецца некранутаю традыцыя іхняй гераізацыі. Нельга пакінуць мінулае ненаселеным, і, калі мы маўчым пра забітых, анічога не застаецца іншага, як ганараваць забойцаў. Але гэта — пабочны вынік. Бо паляваньне на непажаданыя згадкі выкліканае ня столькі жаданьнем захаваць сьветлае імя бальшавіцкіх правадыроў (урэшце, шмат чые злачынствы асудзілі яшчэ ў савецкія часы), колькі стараньнямі не парушыць зручных сацыяльных стэрэатыпаў.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі гаэты "Наша Ніва"

Даніла Жукоўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0