Перад Калядамі, 22 сьнежня, ня стала Валянціна Ермаловіча.

Пайшоў па-старэчаму, без асаблівага клопату для радзіны. «Сэрца», — толькі і сказаў перад сьмерцю.

Ён прыйшоў на сьвет 17 сакавіка 1925 году, у сям’і, што зьведала сталінскія рэпрэсіі, — бацька быў асуджаны на 10 гадоў «бяз права перапіскі». Прайшоў вайну, неаднойчы быў паранены і... «загінуў» на Беласточчыне паблізу хутару Чары. Па сканчэньні Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту чатыры гады адпрацаваў у Пінскім драматычным тэатры. Потым перабраўся ў Магілёў, дзе 29 гадоў настаўнічаў у культпрасьветвучэльні.

Тэатральная спадчына Валянціна Ермаловіча — дзясяткі роляў і пастаўленых спэктакляў, пяць створаных самадзейных тэатраў, чатыры зь якіх сталі народнымі. У 1988 годзе Валянцін Ермаловіч стаў першым старшынём магілёўскай суполкі «Мартыралёгу Беларусі».

За сухімі біяграфічнымі зьвесткамі — жыцьцё творчае, самаадданае, прагнае. Валянцін Ермаловіч не стаяў перад выбарам, чаго рабіць, а чаго не. Ён рабіў, рабіў па-беларуску — рупліва ды старанна. Сярод паказушнасьці сёньняшняе магілёўскае рэчаіснасьці ягоны тэатар «Валянцін» быў ці не адзіным асяродкам, дзе жыла насамрэч беларушчына. Энэргетычная моц Ермаловічавых тэатральных пастановак прыцягвала сваёй жыцьцёвай сапраўднасьцю. Валянцін Ермаловіч на зайздрасьць знаходзіў крыніцы беларушчыны. Нядзіва, што адным з улюбёных месцаў для Яго былі Бялынічы зь іх ліпавым паркам, закладзеным уладальнікам мястэчка Ігнатам Агінскім, і вуліцамі Лява Сапегі ды Канстанціна Астроскага, названыя гэтак на пачатку дзевяностых праз руплівасьць мясцовай інтэлігенцыі.

Як і брат, знакаміты гісторык Мікола, Валянцін жыў без фанабэрыі. Абодва браты сьцьвердзілі беларускую філязофію жыцьця: усё сканчаецца, каб наноў пачацца.

Валянцін Ермаловіч сышоў на Каляды з нацыянальным сьцягам у труне — сымбалем жыцьця і сьмерці, любымі для беларуса колерамі — белым і чырвоным.

Алесь Асіпцоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0