«Падрыўная дзейнасьць супраць Рэспублікі і распальваньне варожасьці да дзяржавы» — паводле такога абвінавачаньня чэскі драматург і дысыдэнт Вацлаў Гавал сеў у турму ў 1977 г. Фармулёўка мала розьніцца ад тых, якія гучаць у беларускіх судах на працэсах над героямі нашаніўскай «Хронікі супраціву».

Рух за нацыянальнае вызваленьне нібыта айсбэрг. Рашучыя, якія маюць дастаткова моцы, каб выйсьці на плошчу і пратэставаць, складаюць яго бачную, меншую частку. Тых, што спачуваюць і абураюцца моўчкі, — мільёны. Што мушу рабіць я, калі побач са мною нейкі юнак узьняў на мітынгу 7 лістапада транспарант «Далоў самадзяржаўе»? Або калі побач з мною жыве хлопец, што зачытаў на раённым радыё артыкул з фактамі фальсыфікацыі выбараў і яго за гэта выгналі з працы? Або калі мой сусед-школьнік — зубровец? Пра гэта нам гаворыць пасьпяховы чэскі досьвед і эсэ В.Гаўла «Спроба жыць па праўдзе». Напісанае ў 1980 г., яно актуальнае для нас сёньня.

Дырэктар праскай крамы гародніны зьмясьціў у вітрыне, паміж цыбуляю і морквай, лёзунг «Пралетары ўсіх краін, яднайцеся!»

Гэты лёзунг нашаму дырэктару крамы прывезьлі разам з цыбуляй і морквай з базы, і ён павесіў яго ў вітрыне проста таму, што робіць так ужо шмат гадоў, таму што ўсе так робяць, таму што так мае быць. Калі б ён гэтага не зрабіў, мог бы мець праблемы; хто-небудзь нават мо зьвінаваціў бы яго ў апазыцыйнасьці.

Аднак лёзунг на транспаранце мае таксама функцыю знаку. Як такі ён утрымлівае схаванае, але цалкам пэўнае паведамленьне. Яго можна было б сфармуляваць так: «Я, гандляр гароднінай XY, сяджу тут і ведаю, што я павінен рабіць; я паводжу сябе так, як ад мяне чакаюць; на мяне можна пакласьціся і мяне ні ў чым нельга папракнуць; я паслухмяны і таму маю права на спакойнае жыцьцё».

Гэтае паведамленьне, само сабой, мае і свайго адрасата: яно скіраванае «наверх», да начальнікаў гандляра гароднінай, і адначасова гэта шчыт, за якім дырэктар крамы хаваецца ад патэнцыйных даносчыкаў.

Цяпер уявім сабе, што аднаго дня дырэктар крамы паўстане і ня будзе больш выстаўляць транспаранты зь лёзунгамі, якія ён выстаўляў адно каб яго не чапалі; ня будзе больш хадзіць на выбары, пра якія ён ведае, што гэта зусім ня выбары; пачне казаць на сходах тое, што ён сапраўды думае, і знойдзе ў сабе досыць моцы, каб салідарызавацца з тымі, з кім яму загадвае салідарызавацца ягонае сумленьне.

Праз такое паўстаньне дырэктар крамы выйдзе з «жыцьця ў хлусьні», адкіне рытуал і парушыць «правілы гульні». Ён знойдзе сваё прыгнечанае «я» і сваю годнасьць, ён вызваліць сябе. Ягонае паўстаньне будзе спробай жыцьця ў праўдзе.

Рахунак яму выставяць хутка: ён страціць сваю пасаду і вымушаны будзе працаваць шафёрам, развозіць тавары. Ягоны заробак будзе зьменшаны. Яму давядзецца адмовіцца ад надзеі зьезьдзіць на адпачынак у Баўгарыю. Далейшая адукацыя яго дзяцей апынецца пад пагрозай. Начальства будзе да яго чапляцца, калегі будуць глядзець на яго як на дзівака.

Насамрэч дырэктар крамы зьдзейсьніў ня толькі нейкае індывідуальнае, завершанае ў сваёй аднаразовасьці парушэньне, ён зрабіў нешта непараўнальна важчэйшае: парушыўшы правілы гульні, ён скасаваў гульню як такую. Ён пашкодзіў структуру ўлады, перарваўшы яе сувязі; ён паказаў, што «жыцьцё ў хлусьні» — гэта жыцьцё ў хлусьні.

Але з прычыны таго, што ўсе сапраўдныя праблемы і крызісныя зьявы схаваныя пад тоўстым слоем хлусьні, да канца ніколі ня ясна, калі ўпадзе, як той казаў, апошняя кропля, якая перапоўніць бочку, і што за кропля гэта будзе. Таму ўлада прэвэнтыўна і амаль аўтаматычна перасьледуе кожную спробу «жыцьця ў праўдзе».

Саван «жыцьця ў хлусьні» зроблены з адметнага матэрыялу — пакуль ён гермэтычна ўкрывае ўсё грамадзтва, здаецца, што ён каменны. Але ў той момант, калі хтосьці робіць дзірку ў адным-адзіным месцы, калі адзін чалавек крычыць «Кароль голы!», калі адзін гулец парушае правілы гульні, такім чынам выкрываючы яе як гульню, усё раптам апынаецца ў іншым сьвятле і ўвесь саван падаецца зробленым з паперы — ён нібы пачынае разлазіцца на маленькія шматкі.

Найважнейшай палітычнай падзеяй у Чэхаславаччыне пасьля пачатку кіраваньня Гусака ў 1969-м, без сумневу, быў выступ «Хартыі’77». Аднак духоўны клімат для гэтага выступу быў падрыхтаваны не беспасярэдне палітычнай падзеяй, а працэсам над маладымі музыкамі з гурту «The Plastic People». Працэсам, у якім супрацьстаялі ня дзьве палітычныя сілы ці канцэпцыі, а два бачаньні жыцьця: з аднаго боку — стэрыльнае пурытанства істэблішмэнту, з другога — невядомыя маладыя людзі, якія не хацелі нічога іншага, як жыць у праўдзе: іграць музыку, якая ім падабалася, сьпяваць пра тое, як яны сапраўды жывуць. Яны хацелі свабоды, годнасьці й братэрства.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі гаэты "Наша Ніва"

Пераклад Алеся Пяткевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0