Вёска Альшаны на Століншчыне вядомая заможнасьцю. Мясцовыя жартуюць: увесь бюджэт раёну зарабляецца ў Альшанах. Сюды едуць на працу ня толькі зь беспрацоўнага Століна, але і зь Пінску ды нават Берасьця. Нам пашчасьціла яшчэ на выезьдзе зь Пінску: першыя ж спадарожнікі аказаліся альшанцамі і, вядома ж, сябрамі пратэстанцкай грамады. Таму не ўзьнікла ніякіх праблем, калі на паўдарозе машына зламалася: спадарожнік выйшаў на дарогу — і ўсе пачалі спыняцца. Бо ўсе ж альшанцы адзін аднаму дапамагаюць. У Альшанах найлепшыя ў Беларусі плянтацыі гуркоў і памідораў. У кожным двары стаіць фура — возяць прадаваць вырашчанае. Сакрэт заможнасьці просты: уся вёска — вернікі. Мне пашанцавала трапіць туды ў дзень хрышчэньня, а для альшанцаў гэта значыць больш за Новы год. Таму дзяўчаты прыбіраюцца ў сьвяточныя сукенкі і туфлі на абцасах.

Сьцяпан Лемяза, ужо амаль 40 гадоў як дыякан, намесьнік пастара альшанскай царквы Хрысьціян веры эвангельскай (пяцідзясятнікаў). Ён памятае яшчэ тыя часы, калі быў ліміт на колькасьць новаахрышчаных: 12 чалавек. А ахвотных было заўжды ўдвая больш.

Хоць за старца, абы за альшанца

Кожнае набажэнства дырэктар школы на загад раённых уладаў рабіў аблавы на непаўналетніх на сходзе. За гэта Сьцяпана Лемязу і асудзілі. Судовага працэсу не было: не пасьпеў прыехаць на адміністрацыйную камісію, а вырак ужо быў гатовы: 50 рублёў штрафу.

Другім разам ён атрымаў штраф за тое, што начальству ў Маскве стала вядома пра шматлюднасьць хрышчэньняў у Альшанах. Нехта зь сяброў царквы даслаў фатаграфію з хрышчэньня сваім сваякам у Латвіі, аднак фатаздымак трапіў да ўладаў. Тое хрышчэньне было надта шматлюднае, кантраляваць яго прылятаў на верталёце інспэктар па справах рэлігій зь Менску. Часам царква праводзіла недазволеныя хрышчэньні, не папярэджваючы ўлады. Хрысьцілі ўначы, часьцей за ўсё ў верасьні — яшчэ цёпла, але ўжо ня так шмат людзей на возеры.

Дынастыі прэсьвітэраў

Будынак царквы ў Альшанах такі, якому пазайздросьціла б любая менская суполка. У грамадзе 1300 чалавек, тысяча дзяцей навучаюцца ў нядзельнай школе. У Альшанах людзі з задавальненьнем застаюцца, не імкнучыся ў горад. Тут гуляюць па 30 вясельляў за год. У вёсцы нават ёсьць прымаўка: «Хоць за старца, абы за альшанца». За старца — г.зн. за жабрака, па-старадаўняму.

Сяргей Лемяза, брат Сьцяпана, тлумачыць посьпех сваёй вёскі: «У нас людзі да зямлі, спрачаюцца за зямлю; у другім месцы не хацелі браць у калгасу зямлю, а тут прасілі… калгас наш быў 7-мільённы. І ў нас людзі не пераводзяць усё на п’янства».

Поўны варыянт артукулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі гаэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0