Рублеўская Людміла. Золата забытых магілаў. Паралельны раман — Дзеяслоў, 2004. №9, 10.

Сокалаў-Воюш Сяржук. Крывавы памол. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2004. — 269 с. Наклад 700 ас.

«Прыемна бывае зімнім ці восеньскім вечарам узяць у рукі цікавую кніжку», — з такой салодкай думкай браўся я за чытаньне рэцэнзаваных твораў. Абодва абяцалі займальную гісторыю. Абодва грунтаваліся на калярытнай беларускай мінуўшчыне. Абодва аўтары вядомыя беларускаму чытачу. Нарэшце, абодва тэксты маюць цалкам паважны памер, а значыць… Глядзі першы радок.

Прачытаўшы дзявяты нумар «Дзеяслова», я адчуў, што неабходна адшукаць наступны: не адпускала думка, чым жа скончыцца таямнічая і закручаная гісторыя. «Золата забытых магілаў» чытаеш не таму, што ўбачыў вядомае імя, і не таму, што пачаў чытаць і сорам кінуць, а таму, што хочацца прачытаць усё. Не зазірнуць у канец, каб даведацца пра разьвязку, а прачытаць у вызначаным парадку ўсе эпізоды, агледзець, так бы мовіць, спэктакль у вызначаным парадку.

Бо тое, што перад намі знарок выштукаваная, старанна зрэжысаваная пастаноўка, адчуваецца адразу. Аўтарка нібыта трымаецца рэалістычнай манеры, але ня робіць з дакладнай перадачы жыцьцёвых рэалій што нашага часу, што сярэдзіны ХІХ ст. фэтышу. Яе мэта — пабудаваць верагодную візію, віртуальна-альтэрнатыўную рэчаіснасьць, у якой будзе разгортвацца дзеяньне і куды яна зьмесьціць, сярод іншага, сваё разуменьне маральна-этычных дылем беларускага інтэлігента.

Візуальны шэраг твору зроблены ў эскізнай манеры. Сьвет рэчаў падпарадкоўваецца законам драматургіі — стрэльба павінна або стрэліць, або застацца за кулісамі. Гэткая ашчаднасьць кампэнсуецца выразнымі партрэтамі герояў. Што праўда, апісаньні таксама не заўсёды ідуць глыбей за вызначаныя патрэбамі дзеяньня вобразы, але галоўныя героі — нашы сучасьнікі — намаляваныя жыва і зь вялікай сымпатыяй.

Адзінае, што можна тут закінуць аўтарцы, — штампы з арсэналу жаночае прозы, што падмяняюць сродкі сапраўднага псыхалягізму і ў значнай ступені пазбаўляюць галоўную гераіню рысаў жывога чалавека. Героі зь ліку шляхты XIX ст., вытрыманыя ў строга рамантычнай канвэнцыі, яшчэ мацней падкрэсьліваюць гэта. Зрэшты, тыповая для пісьменьніцы хіба муляе менш, чым у іншых творах.

Найбольшае, на маю думку, дасягненьне спадарыні Рублеўскай — амаль бездакорнае адчуваньне тэмпу. Гэта ратуе ад манатоннасьці, загладжвае заганы сюжэту, зьмякчае, нарэшце, адмоўны ўплыў не заўсёды ўдала абраных сродкаў. Своечасовае пераключэньне дзеяньня, якое плыве ў двух рэчышчах — сучасным і сярэдзіны пазамінулага стагодзьдзя, — не дазваляе чытачу стаміцца і пачаць задаваць пытаньні адносна верагоднасьці й апраўданасьці такіх аўтарскіх канцэпцый, як наяўнасьць у часы вядомага паўстаньня таемнай сялянскай арганізацыі накшталт японскіх ніндзя або князя (варта камусьці, акрамя Арлова, пачаць пісаць пра дакастрычніцкі пэрыяд, як адразу патрабуецца князь) з арыстакратычным прозьвішчам Людвісар, перашкаджае пасьмейвацца з поўных прыдуркаватай інтэлігенцкай прэтэнцыёзнасьці вобразаў менскай багемы.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі гаэты "Наша Ніва"

* * *

Сяржук Сокалаў-Воюш сягнуў у табуяваныя для беларускіх пісьменьнікаў абшары значна глыбей, стварыўшы аповесьць пра вампіраў. Аўдыторыю гэтага твору вызначыць цяжэй, чым у выпадку спадарыні Рублеўскай, але гэта напэўна не аматары гісторый пра вампіраў. Я рэкамэндаваў бы гэтую кніжку, па-першае, нашым постмадэрністам, бо сумесь адчайных слоўных выбрыкаў і містыфікатарскіх прыдумак ды парадыйных хадоў для іх будзе сапраўдным сьвятам. Па-другое, раіў бы штудыяваць «Крывавы памол» кожнаму, хто лічыць, што напісаць твор у жанры масліту лёгка, абы толькі захацець. Бо аўтарскае жаданьне сумневу не выклікае. Я ж хачу засяродзіцца на пазытыве. Кніга шмат чаму можа навучыць.

Калі мове «Золата забытых магілаў» не стае індывідуальнае характарызацыі і стылізацыі пад даўніну, лексыка «Крывавага памолу» можа разглядацца як асобны пласт зьместу. Аўтар бясстрашна насычае тэкст наватворамі, замаскаванымі пад спрадвечна беларускія выразы, перайначвае вядомыя словы («лужыліся са скуры» замест «вылузваліся»), экспэрымэнтуе з правапісам. Выходзіць цікава, але слаба вяжацца з рэштаю, то бок зь дзеяньнем і сюжэтам.

З рэшты невыпадкова выпала візія. Сьвет, у якім разгортваюцца падзеі, у аўтара ня ўдаўся. Ёсьць шмат маляўнічых дэталяў, вельмі маляўнічых (згадаць тут варта перш за ўсё кулінарныя апісаньні), але цэласны запамінальны вобраз «Беларусі па-воюшаўску» не вымалёўваецца, бо пісьменьнік аддаў гэтаму замала ўвагі. Памылкова, бо для твораў такога жанру крытычна важнае цікавае апісаньне (калі дарэчы тут гэткае азначэньне) рэчаіснасьці, натуральнасьць і пэўная ўтульнасьць атмасфэры, у якой адбываюцца жудасныя, але, будзем шчырымі, збольшага загадзя вядомыя чытачу калізіі.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі гаэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0