Лідэр Ленінскага камуністычнага саюзу моладзі Беларусі, студэнт адной зь менскіх ВНУ Зьміцер Яненка сам плаціць за вучобу, і разьмеркаваньне яму не пагражае. Аднак гэта не замінае яму бараніць правы студэнтаў: «Калі Аляксандар Лукашэнка кажа пра адпрацоўку на карысьць дзяржаве, ён забываецца, што кожны мае права на бясплатную адукацыю паводле Канстытуцыі».
На студзеньскім пленуме ЦК ЛКСМБ актывісты арганізацыі вырашылі пачаць збор подпісаў супраць павелічэньня тэрміну (з двух да пяці год) абавязковай адпрацоўкі па разьмеркаваньні для выпускнікоў ВНУ.
«Гэта добра, што дзяржава дбае пра маладых людзей, але ня трэба змушаць іх ехаць у загадным парадку, пагатоў на пяць гадоў. Гэта ўжо на рабства падобна», — кажа З.Яненка. Камсамольцы так і назвалі сваю акцыю — «Моладзь супраць рабства». Яны паставілі сабе задачу за студзень—сакавік сабраць болей за 10 000 подпісаў па ўсёй краіне і перадаць іх у палату прадстаўнікоў, дзе мае разглядацца папраўка ў Закон аб адукацыі аб павелічэньні тэрміну. Праўда, заклік ЦК ЛКСМБ ня тычыцца тых, хто вучыцца па г.зв. «мэтавым накіраваньні».
Юрыст Сяргей Зікрацкі кажа, што ні кіраўніцтва ВНУ, ні нехта іншы ня мае права накладаць санкцыі за адмову выпускніка ехаць па разьмеркаваньні. Студэнт папросту можа не зьявіцца на сваю мусовую працу, аднак тое прадпрыемства, на якое ён уладкуецца, мусіць у гэтым выпадку вярнуць грошы за вучобу выпускніка. Выходзіць, што першыя два гады па сканчэньні ВНУ яму самому не належаць, хоць выбар ёсьць: працаваць на сяле, біць лынды ці шукаць прадпрыемства, якое гатова заплаціць дзяржаве некалькі тысяч даляраў.
Поўны варыянт артукулу і камэнтар да яго Алеся Міхалевіча чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі гаэты "Наша Ніва"
Сяргей Будкін