Пра археоляга Валянціна Сядова піша Аркадзь Шанскі.

Празь ягоны ўдзел у Менску ў 1973 г. была забаронена навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная этнагенэзу беларусаў. Тэорыя балцкага субстрату ў паходжаньні беларусаў, распрацаваная маскоўскім археолягам Валянцінам Сядовым, падалася кіраўнікам савецкае Беларусі страшэннай крамолай: пад сумнеў ставілася тэорыя паходжаньня трох усходнеславянскіх народаў.

Сам Сядоў пра тую канфэрэнцыю згадваць не любіў. Але і ад Беларусі яго той выпадак не адвярнуў. Пасьля 1991 г. ён не прапускаў ніводнае навуковае канфэрэнцыі ў Беларусі.

Харбінская бібліятэка

Археалёгія, якая стала для Валянціна Сядова сэнсам жыцьця, была выбрана даволі выпадкова.

У чэрвені 1941 г. скончыў школу. Паступіў у авіяцыйны інстытут, але правучыўшыся год, пайшоў у пяхотную вучэльню. Па сканчэньні паскораных курсаў апынуўся пад Сталінградам, дзе цудам выжыў. Затым — Курская дуга, вызваленьне Менску, баі ў Прыбалтыцы.

Для Валянціна Сядова Другая сусьветная вайна скончылася ў Манчжурыі. Там, у Харбіне, ён і натрапіў на частку бібліятэкі па расейскай гісторыі — большасьць кніг была выдадзена яшчэ да рэвалюцыі. Так і абудзілася цікавасьць да гісторыі. І пасьля дэмабілізацыі ў 1946 г. ён ужо не вярнуўся ў авіяцыю, а паступіў у МДУ, на спэцыяльнасьць археалёгія.

«Напісаць за Вас дысэртацыю?»

Аб працавітасьці Сядова згадвае адзін зь ягоных колішніх асьпірантаў — археоляг Аляксандар Егарэйчанка: «Я яго ня бачыў у адпачынку — калі б я да яго ні прыйшоў, ён заўжды працаваў, нават у экспэдыцыі. А 8-й ён на раскопе, потым — абед. А пасьля зьнікаў. Сядоў здымаў пакой у нейкім доме, дзе з абеду й да адбою сядзеў і працаваў».

Сядоў быў патрабавальным ня толькі да сябе, але й да асьпірантаў. Прафэсар Пятро Лысенка згадвае, як у ягоныя асьпіранцкія гады Сядоў сказаў: «Навуковыя кіраўнікі бываюць розныя. Адны самі за асьпірантаў пішуць дысэртацыі. Іншыя зусім гэтым не займаюцца. А вы як хочаце: каб я за вас напісаў?» Калі Лысенка прывёз у Кіеў на абарону сваю кандыдацкую, то яго назвалі дзіваком: чалавек напісаў доктарскую, а абараняе як кандыдацкую. «Такі тэмп нам задаў Сядоў», — згадвае навуковец.

У Пінску ў Сьвёнтка

Улетку 1962 г. Сядоў са сваім асьпірантам Пятром Лысенкам прайшоў з археалягічнай экспэдыцыяй па Палесьсі: па Прыпяці ад Турава. Падарожнічалі па Палесьсі два тыдні, дасьледавалі курганы, гарадзішчы. Вырашылі заехаць да Лысенкавых бацькоў, у Пінск. А што глядзець у горадзе? Пайшлі ў францішканскі касьцёл — і трапілі на мшу, якую адпраўляў Казімер Сьвёнтак. «Я ні ад кога болей такой пранікнёнай малітвы, як ад Сьвёнтка ў той дзень, ня чуў», — згадвае Лысенка.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі гаэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0