У незнаёмы горад трэба ўваходзіць на золку.

Любча сустрэла мяне ліхтарамі, брэхам сабак і празрыстым наднёманскім паветрам. Я доўга ўсьміхалася дарожнаму знаку, ня могучы ісьці далей. У заплечніку — ноч і 27 кілямэтраў пешага шляху з Наваградку. Раса на кедах і водар зёлак у валасах. У шыбах хат яшчэ мроіліся сны.

З вады падымаецца цёплы туман. Малочна-магутны, ён ператварае Нёман у мора, засьцілаючы берагі і мост, раскінуўшыся да самага гарызонту.

Ты дыхаеш гэтым туманам, ранкам і Нёманам, і становішся чыстым-чыстым, і хочаш стаяць тут заўсёды, чуючы водар мяты, і ты крышачку дрыжыш ад усёй гэтай шчырасьці.

Замак, што 400 год спакойна глядзеў у вочы вандроўнікаў і князёў. Буслоў — на кожнай хаце па гнязьдзе. Адзін бацян сядзіць на брамнай вежы, сем — на лістоўніцы ля бакавой, плечы якой ужо кратае дзень.

Тут немагчыма хадзіць не басанож. Скідаеш абутак і адчуваеш у целе жыцьцё.

Пад замкам паляць усю ноч вогнішча Андрусь з Генадзем Антонавічам, гавораць гадзінамі пра першы ў Беларусі дамініканскі кляштар, заснаваны тут кракаўскім пралатам дамініканам Вітам, пра капялюш князя Крыштапа, прастрэлены пад Смаленскам.

Андрусь — 22-гадовы чарнявы каржакаваты хлопец з мазолістымі рукамі. У ягоных жывых чорных вачах зьліваюцца адлюстраваньні двух агнёў — таго, іскры якога мяшаюцца з зорамі, і таго, што прымушае Андруся прыяжджаць сюды зь Менску кожныя выходныя і прывозіць усё новых людзей, «запальваючы» і іх.

Генадзь Антонавіч (ці проста дзядзя Гена) усё жыцьцё пражыў у Любчы, і мо таму ягоны позірк заўжды напоўнены любоўю. І калі ты, валанцёр, прыйдзеш сюды раней за астатніх — як гэта здарылася са мной, — ён прывядзе цябе да сябе, у вялікую хату, і пазнаёміць з усьмешлівай працавітай жонкай. Яна смачна накорміць цябе «да расьпяртухі», і ён, з запалам штурхануўшы тваё плячо, скажа: «Ну што, пад’елі?!. Ты ж, напэўна, спаць хочаш? Вунь у тым пакоі… Ці спачатку ў лазьню? Нядаўна нацяплілі». А пасьля абеду прыедзе Іван Антонавіч, ягоны брат, з астатнімі валанцёрамі, і тады ўжо часу для адпачынку ня будзе.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі гаэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0