«Як мы, спартоўцы, называем тых, хто так скача? Ёсьць толькі адно добрае слова: прахвост!» — гаворыць паляк Адам Малыш пра пераможцу Турнэ чатырох трамплінаў і лідэра Кубку сьвету Яна Аханэна.

У журналістаў Аханэн у пячонках сядзіць. «Чаму я зноў выйграў? Адкуль мне ведаць? Хіба я разьбіраюся» — ягоныя тыповыя адказы.

На прэс-канфэрэнцыях ён больш ляканічны, абмяжоўваецца словамі «Так», «Не», «Ня ведаю». На пытаньні аб плянах на найбліжэйшы чэмпіянат адказвае нязьменна: «Перамагчы».

Крый божа, каб які-небудзь журналіст-пачатковец запытаўся, чаму ён ніколі не ўсьміхаецца пасьля скачкоў, асабліва пасля тых, якія прыносяць чарговую перамогу. «Скокніце з гэтага трампліну і праляціце 120 мэтраў, як я, а потым паглядзім, ці будзе вам да сьмеху», — пачуў нямецкі калега. Адказ «Мы сюды прыехалі скакаць, а ня сьмешкі строіць» нават зрабіўся эпіграфам на ягонай інтэрнэт-старонцы.

У гэтым увесь фін Ян — самы пануры сярод скакуноў, вечны маўчун, які ніколі не ўсьміхаецца і толькі нядаўна перастаў скакаць у масцы.

«Маска яшчэ больш падкрэсьлівала ягоны змрочны імідж, ён выглядаў у ёй як лорд Дарт Вэйдэр з «Зорных войнаў». Але ён заявіў, што яна прыносіць яму няўдачу, і цяпер стартуе ў ахоўных акулярах. Ад Вэйдэра застаўся хіба пануры характар», — гаворыць адзін фінскі журналіст. На ягоную думку, панурасьць — гэта старанна выбраны імідж Яна, які неяк заявіў: «Чым больш я буду маўчаць, тым больш мной будуць цікавіцца». На вэб-сайце www.janne-ahonen.com на адным з банэраў стаіць у споднім з крыламі, што вырастаюць з голых плеч, на другім — пазіруе ў элегантным гарнітуры. Спонсарам змрочны імідж Яна не замінае.

Іншы Аханэн

А з аповедаў фінскіх журналістаў паўстае іншы Аханэн. Менавіта Ян выконвае ў фінскай камандзе ролю веселуна, які разраджвае напружаную атмасфэру. Часта жартуе зь сяброў. Аддае перавагу, аднак, чорнаму гумару. Напрыклад, перажыўшы два гады таму падзеньне падчас чэмпіянату ў Гарміш-Партэнкірхене, перад чарговымі спаборніцтвамі ў Інсбруку ён сказаў свайму асыстэнту: «Ты мне толькі ўжо не шмаруй іртаў так добра, бо я не зьбіраюся так далёка лётаць».

Пачынаў Аханэн ва ўзросьце пяці год у родным Лахці. Ягоны бацька працаваў краўцом, маці — на фабрыцы рыбалоўных снасьцяў. Брат Пасі таксама займаецца скачкамі з трампліну.

Поўны варыянт артукулу чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі гаэты "Наша Ніва"

Сяргей Петрыкевіч; паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0