Шляхам дзяленьня размнажаюцца амёбы. Палітычныя партыі дзяленьнем разбураюцца. Гэтым разам з прасьцейшымі жывёламі клясы караняножак сябе пераблытала Народная грамада. Мінюст падтрымаў Нісьцюка. Канфлікт у Народнай грамадзе разгарэўся паміж дзьвюма групамі. Першая гуртуецца вакол Міколы Статкевіча, другая — вакол Уладзімера Нісьцюка. Казаць пра партыйныя пасады гэтых асобаў варта цяпер з доляй асьцярожнасьці.

8 сьнежня Менскі гаркам БСДП (НГ) пастанавіў выключыць з партыі Ўладзімера Нісьцюка, Віталя Малашку і Юр’я Маркоўскага (намесьнікаў старшыні). 11 сьнежня Менскі гаркам зноў сабраўся на пасяджэньне (у іншым складзе) і выключыў з партыі Статкевіча.З такой сытуацыі скарыстала Міністэрства юстыцыі. Яно палічыла правамоцным выключэньне з Народнае грамады Статкевіча і прызнала выканаўцам абавязкаў старшыні партыі Нісьцюка.

Цяпер У.Нісьцюк займаецца падрыхтоўкай да пазачарговага зьезду партыі, які адбудзецца 15 студзеня, а М.Статкевіч вінаваціць улады ў правакацыі і рыхтуецца да сыходу ў падпольле. «Партыя ацаніла гэта так: Лукашэнка прызначыў нам старшыню», — кажа ён.

У той жа час, са словаў Статкевіча складаецца ўражаньне, што ён амаль зьмірыўся са «стратай» партыі. Маўляў, калі не пазбавяць рэгістрацыі ў выніку цяперашняга канфлікту, дык адбяруць пасьведчаньне пасьля 2 лютага, калі ўсе структуры партыі маюць быць пераведзеныя з кватэраў у нежылыя памяшканьні. Паводле падлікаў Статкевіча, толькі 4 з 110 структураў маюць шанцы быць зарэгістраванымі адпаведна з новымі патрабаваньнямі. Але Ўладзімер Нісьцюк спадзяецца, што да лютага мець юрыдычны адрас ці хаця б адпаведныя гарантыйныя лісты будзе нашмат больш мясцовых суполак.

«Мабыць, будзе да лепшага, калі партыя пачне працаваць у неафіцыйным статусе, скажам, у выглядзе партыі, якая ствараецца», — кажа Статкевіч. У гэтым сказе хаваецца яшчэ адзін прадмет канфлікту — ягоны намер стварыць новую Аб’яднаную сацыял-дэмакратычную партыю. Гэтыя праекты «групе Нісьцюка» дужа не падабаюцца, бо ўвесь мінулы год вялася праца па аб’яднаньні БСДП (НГ) зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамадой. «Але мы гэта робім год, паступова, а Мікалай Віктаравіч вырашыў за месяц стварыць нейкую аб’яднаную сацыял-дэмакратычную партыю невядома дзеля каго і дзеля чаго. У нашай партыі большасьці за ім няма, а ў новай партыі ён — адзіная вядомая асоба, таму і будзе лічыцца вялікім стваральнікам», — кажа Нісьцюк.

Ідэю яднаньня беларускай сацыял-дэмакратыі Статкевіч ацэньвае пэсымістычна: «Гэта той працэс, да якога трэба імкнуцца, але завершаны ён ня будзе ніколі. З маёй ініцыятывы зьезд БСДП (НГ) летам прымаў адпаведнае рашэньне. Я правёў перамовы з усімі левацэнтрысцкімі партыямі, і з боку большасьці зь іх сустрэў разуменьне — але потым усе гэтыя людзі сутыкнуліся з адной і той жа праблемай — амбіцыямі ня лідэраў, а другіх, трэціх, чацьвёртых асобаў. Праблему намесьнікаў мы ня вырашылі».

«Манархічны стыль кіраваньня» — адзін з закідаў Нісьцюка Міколу Статкевічу. «Мой стыль кіраваньня цалкам дэмакратычны ў межах статуту», — сьцвярджае Статкевіч. «Я не гуляю ў палітыку і не займаюся імітацыяй. Зараз сытуацыя такая, якая патрабуе рызыкі, ахвяраў, а людзям хочацца захаваць статус, у сэмінарах удзельнічаць, змагацца ў памяшканьнях, калі трэба выходзіць на вуліцы». Цікава, што Статкевіча скінулі неўзабаве пасьля таго, як ён пайшоў на кантакты зь «Пяцёркай+» дзеля вылучэньня адзінага кандыдата на выбары-2006.

Іншы бок абвінавачвае былога старшыню ў «кабінэтнасьці»: «Партыя павінна зьмяніць свой твар, ад партыі, якая ў асобе Міколы Статкевіча клікала людзей на вуліцу, а зараз заклікае да нейкіх незразумелых ахвяраў, да партыі, якая будзе працаваць нагамі, але больш — галавой». Паводле Нісьцюка, у партыі каля 1 500 актыўных сяброў.

Нават палітычнаму аглядальніку разабрацца ў хітраспляценьнях партыйных дачыненьняў сацыял-дэмакратаў складана — тут хаця б назвы партыяў не пераблытаць! Шкада, што сацыял-дэмакратычнай ідэі ў Беларусі не чуваць за гучнымі «разборкамі» лідэраў.

Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0