14 студзеня ў Воршы мае адбыцца суд над мясцовым прадпрымальнікам Яўгенам Бурынскім. Хутчэй за ўсё, яго прызнаюць невінаватым. Гэта калі справа дойдзе да суду — ранейшыя спробы прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці прадпрымальнікаў, якія, як Бурынскі, ня сплачваюць страхавых унёскаў у фонд сацыяльнай абароны (прыкладна 40 тысяч рублёў у месяц), заканчваліся яшчэ ў пракуратуры, якая спыняла справу за адсутнасьцю складу злачынства.

«Ва ўладаў гэта ўжо ператвараецца ў звычку — спрабаваць прыцягнуць да судовай адказнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў паводле артыкулу 216 Крымінальнага кодэксу (нанясеньне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу), — кажа адвакат Гары Паганяйла. — Падобныя справы ўжо былі ў Барысаве і ў Лепелі — мы выйгралі абедзьве».

Паводле словаў спадара Паганяйлы, калі прадпрымальнік не зарэгістраваўся як платнік адлічэньняў у Фондзе сацыяльнай абароны, дык ён павінен несьці толькі адміністрацыйную адказнасьць — як чалавек, які нясвоечасова зарэгістраваўся. Але ён ня мае аніякіх абавязкаў перад Фондам, як і Фонд — перад ім. Нейкія санкцыі могуць быць прымененыя толькі тады, калі прадпрымальнік зарэгістраваны ў Фондзе.

«40—50% прадпрымальнікаў на ўлік дагэтуль ня сталі», — сьцьвярджае Анатоль Шумчанка, старшыня рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва». «Чаму іх усіх ня судзяць? Дзяржава дзейнічае выбарачна. У Лепелі прадпрымальнік Алена Буртыль, якая ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі незалежнага кандыдата Алега Тычыны, мела такія ж праблемы. Яна зьвярнулася да Гары Паганяйлы, той склаў патрэбныя дакумэнты — і неўзабаве з пракуратуры прыйшоў адказ: справа зачыненая. Выплата гэтых унёскаў — гэта фактычна дадатковы падатак».

Плаціць яго прадпрымальнікі ня дужа ахвочыя. «Ёсьць досыць вялікая катэгорыя грамадзянаў, якія лічаць, што Фонд сацыяльнай абароны насамрэч служыць не для забесьпячэньня іх пэнсіямі, а для фінансаваньня пэўных інвэстыцыйных праектаў, і не жадаюць мець зь ім справы», — кажа Паганяйла.

Прадпрымальнік Аркадзь гандлюе на адным зь менскіх рынкаў. «Я ў Фондзе не рэгістраваўся і ўнёскі плаціць не зьбіраюся, — кажа ён. — Гэта прымус, а чалавек сам мае вырашаць свой лёс: хочаш, атрымлівай дзяржаўную пэнсію, хочаш — у банк адкладай, хочаш — у панчоху. Можа, заўтра кагосьці скінуць з улады — і фонд той рассыплецца».

Неўзабаве варта чакаць новых спробаў дзяржавы забясьпечыць выплату ўнёскаў у Фонд сацыяльнай абароны. Праз скарот насельніцтва ў 2007 г. у Беларусі можа выбухнуць крызіс пэнсійнай сыстэмы — аднаму працаздольнаму чалавеку давядзецца ўтрымліваць аднаго пэнсыянэра. Магчымае выйсьце — пераход ад цяперашняй разьмеркавальнай сыстэмы пэнсыяў, калі працуючыя ўтрымліваюць пэнсіянераў, да назапашвальнай, калі чалавек усё жыцьцё кладзе грошы ў нейкі фонд. Але да гэтага не сасьпела ні дзяржава, для якой гэтая сыстэма выглядае занадта капіталістычнай, ні людзі: фондам яны ня дужа давяраюць.

Алесь Кудрыцкі

выгадны парадокс

Калі прадпрымальнік не зарэгістраваўся як платнік адлічэньняў у Фондзе сацыяльнай абароны, дык ён павінен несьці толькі адміністрацыйную адказнасьць — як чалавек, які нясвоечасова зарэгістраваўся. Нейкія крымінальныя санкцыі могуць быць прымененыя толькі тады, калі прадпрымальнік зарэгістраваны ў Фондзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0