Перш за ўсё хачу засьведчыць слушнасьць старога журналісцкага тэзісу: найлепшы сюжэт дае само жыцьцё. Хіба Натальля Геваркян, калюмніст «Газеты.ру», нарадзіла супэркалёнку «Калядная гісторыя» без эмацыйнага штуршка, які яна атрымала падчас палёту з Парыжу ў Маскву? У самалёце кампаніі «Air France» ёй давялося пазнаёміцца з «залатой пуцінскай моладзьдзю». Падчас бордынгу «идущие вместе» дасталі пасажыраў салёну базарамі пра тое, які круты Пуцін. Аднак як толькі стуард абвясьціў, што ўзьніклі праблемы з прыладамі і трэба пачакаць, пакуль спэцыялісты яшчэ раз усё правераць, «патрыёты» ламануліся вонкі.

«Яны так пабеглі першымі, гэтыя адвязныя тусовачныя дзеткі, якія толькі што кідалі патрыятычныя рэплікі за свайго крутога прэзыдента і за ягонае публічнае нахабства […]. Гэта было пуцінскае пакаленьне, якое вырасла на байках аб вялікай Расеі і аб тым, што комплекс разбуранай імпэрыі мусіць быць пераадолены любой цаной. Пустыя ўнутры, апранутыя ў «Армані», заскокам у Парыж, абавязкова ў першай клясе, нашпігаваныя пры гэтым своеасаблівым уяўленьнем аб вялікасьці сваёй радзімы, узброеныя ксэнафобіяй і марай аб праве расейца паслаць увесь сьвет у ж…».

Цікава, як празь некалькі гадоў маладая беларуская эліта будзе весьці дыялёг з пуцінскімі бэбі?

Трэба прызнаць, што беларуская мадэль generation X усё больш адпавядае заходнім трэндам. Часопіс «Time» зрабіў тэмай апошняга нумару фэномэн «twixters». Гаворка ідзе пра субкультуру людзей ад 18 да 30 гадоў. Сацыёлягі адзначаюць, што ўпершыню ў гісторыі гэтая страта грамадзтва займае дзіўную пазыцыю: яны не жадаюць мець сталай працы, жывуць за кошт бацькоў, маюць нестабільныя сэксуальныя адносіны. Нарадзіўся стыль Пітэраў Пэнаў — людзей, якія вырашылі ніколі ня быць дарослымі. Сацыяльная машына, якая ў мінулым рабіла зь дзяцей дарослых, больш не працуе.

Сытуацыя падобная на беларускую.

У глябальным фармаце журналісцкая тусоўка адыходзіць ад тэмы цунамі. Апошняй зарніцай стаў цудоўны артыкул Закі Лярэдзі ў францускай «Liberation». Ён разважае на тэму, пры якіх умовах рэгіянальная падзея можа набыць плянэтарны рэзананс. І выводзіць наступную формулу: «Ангажаванасьць у падзею прадстаўнікоў розных народаў, плянэтарнае адзінства падзеі, мабілізацыя афэктаў і мэдыйны малюнак».

Украіну і Польшу яднае рэдкае для гэтых краін адзінства тэм. І там і там размаўляюць пра люстрацыі.

У артыкуле «Бандытаў за краты» аўтарка «Дзеркала тыжня» Вольга Дзьмітрычава доўга думае, перасьледаваць ці не прадстаўнікоў кучмаўскай адміністрацыі, і прыходзіць да высновы: «Калі мы ня станем сьведкамі публічных судовых працэсаў над тымі, хто дабіў краіну дзеля свах карысных фінансава-палітычных мэт, хутчэй за ўсе, так і застанецца».

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0