Рычарда Бэлаха заўжды паважалі ў яго родным каліфарнійскім мястэчку Рэдонда-Біч. Прафэсійны пажарнік, ён пайшоў на заслужаны адпачынак з мэдалём Адвагі на грудзёх. 54-гадовы вэтэран барацьбы з агнём не забываўся на сваю старую працу і нярэдка завітваў на мясцовую пажарную станцыю. «Хай панастальгуе», — думалі маладзейшыя супрацоўнікі і з усьмешкай назіралі за тым, як сталы чалавек ціха сядаў у кутку ды ўключаў кампутар, каб пацешыцца бясплатным Інтэрнэтам. Яны й не здагадваліся, што ў гэты час Рычард згружаў зь сеціва фота непаўналетніх аголеных дзяўчынак. Цяпер Бэлаху «сьвеціць» не адзін год турмы — гэтага дастаткова, каб пазаймацца геаграфіяй ды даведацца, дзе знаходзіцца Беларусь — радзіма людзей, якія пастаўлялі яму «бяскрыўдныя інтэрнэт-забаўкі».

Пастаўшчыкі, дарэчы, ужо таксама знаходзяцца ў ЗША, дзе чакаюць суду па абвінавачаньні ў злачыннай змове, адмываньні грошай, стварэньні і распаўсюджваньні дзіцячай парнаграфіі.

Дзіцячае порна: запісы рахункаў беларускай кампаніі «Regpay Co.» прывялі да арышту амаль тысячы кліентаў па ўсім сьвеце. Пра самую буйную ў гісторыі Інтэрполу апэрацыю піша Алесь Кудрыцкі.

Дзеці вэб-буму

Маладыя гады Ягора Залатарова (1979 г.н.) прыпалі акурат на залатыя 1990-я, калі Інтэрнэт прыцягваў да сябе маладыя таленты, нібы Кландайк золаташукальнікаў. Але ў адрозьненьне ад многіх інтэрнэт-бізнэсоўцаў, Ягорка намацаў залатую жылу — дзіцячы парнабізнэс, які абяцаў цалкам дарослыя прыбыткі.

Разам са знаёмымі ён зарэгістраваў у Менску фірму «Regpay Co.». Пад шыльдай высокатэхналягічных інтэрнэт-сэрвісаў гэтая кампанія цішком аказвала паслугі аплаты для ўладальнікаў і карыстальнікаў пяцідзесяці парнаграфічных сайтаў, а яшчэ й сама ўтрымлівала ня менш за чатыры такія вэб-старонкі. Плаціць падаткі ў беларускі бюджэт хлопцы не зьбіраліся, таму вынайшлі наступную схему працы. Замежны аматар порна пераводзіў суму (50 даляраў за месячны абанэмэнт на доступ да сайтаў) на адмысловы кліенцкі рахунак у фірме «Connections» у штаце Фларыда, якая гарантавала яму ананімнасьць і, здымаючы свой працэнт, пераводзіла грошы ў адзін з латвійскіх банкаў, да якога мелі доступ уладальнікі «Regpay Co.».

«Regpay Co.» была мікраскапічнай фірмай, але справы яна «пракручвала» немалыя. Самыя буйныя легальныя грошы ў беларускім Інтэрнэце робяцца на рэкляме. Аб’ём гэтага рынку складае каля 350 000 даляраў у год. «Regpay Co.» адна за год зарабляла 3 млн даляраў — амаль у 10 разоў больш, чым усе астатнія вэбмайстры краіны разам узятыя.

У 2003 г. падчас аднаго з рэйдаў супраць аматараў дзіцячага порна амэрыканскія спэцслужбы заўважылі, што многія з затрыманых карысталіся паслугамі «Connections». Прыпёрты да сьценкі сьледчымі, прэзыдэнт фірмы Юджын Валентайн расказаў усё пра свае сувязі з «Regpay Co.». Але тут давялося сутыкнуцца з праблемай: цэнтар парнасеткі знаходзіўся ў Беларусі. Калі б кіраўнікоў кампаніі і затрымалі, дык у найлепшым выпадку пасадзілі б гадоў на пяць ці ўвогуле далі б штраф. А экстрадыцыя беларускіх грамадзян зь іх уласнай краіны ў ЗША — справа нерэальная.

Апэрацыя «Ястраб»

Пра зьмест закулісных перамоў паміж спэцслужбамі можна толькі здагадвацца, але «копы» знайшлі паразуменьне з нашымі «органамі». Вядома, што група супрацоўнікаў МУС выяжджала ў ЗША ў рамках расьсьледаваньня, а прадстаўнікі амэрыканскіх праваахоўных органаў прыяжджалі ў нашу краіну. Беларускае аддзяленьне Інтэрполу таксама было «ў курсе». Дзялкоў з «Regpay Co.» вырашылі не пужаць, а злавіць тады, калі яны завітаюць у краіны «цывілізаванага Захаду». Гэтай апэрацыі нават далі асобную назву — «Ястраб» («Falcon»).

У ліпені 2003 г. Залатарова і Бучнёва нейкім чынам удалося завабіць у Францыю. Абед у адной з парыскіх рэстарацый гэтая парачка скончыла ўжо ў кайданках. Яны адчайна абараняліся ў судзе ад экстрадыцыі ў Амэрыку, але 5 студзеня іх пасадзілі на самалёт і накіравалі за акіян пад наглядам ахоўнікаў. Іншы супрацоўнік «Regpay Co.», 29-гадовы Аляксандар Бойка, падобным чынам перамясьціўся з Гішпаніі ў камэру ў Нью-Джэрзі — штаце, пракурор якога распачаў крымінальную справу.

Запісы рахункаў кампаніі «Regpay Co.» прывялі да арышту амаль тысячы кліентаў па ўсім сьвеце, якіх вылічылі па нумарах крэдытак — выявіць імёны іх уладальнікаў дапамагла швайцарская паліцыя. 200 арыштаваных — грамадзяне ЗША, у тым ліку школьны настаўнік з Каліфорніі, афіцэр паліцыі з Бафала, каталіцкі сьвятар з Луізіяны, кіраўнік аддзелу пэдыятрыі адной зь нью-ёрскіх бальніц і нават цыркавы клоўн. Яшчэ некалькі тысяч кліентаў «Regpay Co.» знаходзяцца «ў распрацоўцы». Некаторым зь іх пагражае да 20 год турмы і штрафы ў чвэрць мільёна даляраў. Аўстралійскі камісар фэдэральнай паліцыі Мік Кілці назваў гэтае расьсьледаваньне «самым буйным у гісторыі міжнароднай паліцыі». У судзе знаходзяцца справы 200 аўстралійскіх кліентаў «Regpay Co.». Шасьцёра зь іх ужо зрабілі сабе сьмерць.

Калегі па цэху

Памыляецца той, хто думае, што справа «Regpay Co.» — агіднае выключэньне. Тыдзень таму ў Нямеччыне затрымалі трох нашых суайчыньнікаў. Абвінавачаньне — распаўсюджваньне дзіцячай парнаграфіі. Самі яны порна не стваралі, а толькі прадавалі доступ да парнасайтаў. Група вяла бізнэс зь Беларусі, а ў Нямеччыну прыехала поўным складам, каб атрымаць грошы. Там парнадылеры зьбіраліся «кінуць якар» — пасьля гучнага затрыманьня каманды «Regpay Co.» займацца «справай» у Беларусі зрабілася небясьпечна. Тым больш што ў Нямеччыне яны займелі падзельнікаў — нешта накшталт «міні-мафіі», якая складалася з эмігрантаў зь Беларусі.

Варта прыгадаць і асобу іншага беларускага грамадзяніна Яўгена Пятроўскага. Ягонае імя ўсплыло ў 2003 г. падчас арышту людзей з «Regpay Co.» — сьцьвярджалася, нібыта Пятроўскі мог мець да гэтай фірмы нейкае дачыненьне. Ён пачынаў сваю кар’еру з махінацый з крэдытнымі карткамі, а потым пераключыўся на парнабізнэс, заснаваў два буйныя сайты ў дамэннай зоне .ru ды ўласную плацёжную сыстэму «Sunbill», якая потым была перайменаваная ў «Billcards». Зь яе дапамогай Пятроўскі дапамагаў уладальнікам парнасайтаў прымаць плацяжы ад кліентаў, атрымліваючы мільённыя прыбыткі. Празь нейкі час Пятроўскі пераключыўся на расейскую сыстэму «CyberPlat», але пасьля скандалу вакол яе сышоў у цень і, паводле чутак, зьехаў з краіны, уклаўшы грошы ў звычайны бізнэс.

Злачынства й пакараньне

«Дзіцячага порна ў нас няма!» — так, напэўна, думалі ўкладальнікі беларускіх законаў. Артыкул 173 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае максымальны тэрмін пяць год турмы за гвалтоўнае ўцягненьне дзіцяці ў парназдымкі (за негвалтоўнае адвакат можа выпрасіць арышт да шасьці месяцаў). Распаўсюджваньне порнаматэрыялаў (па гэтым артыкуле, хутчэй за ўсё, праходзіла б у беларускім судзе кіраўніцтва «Regpay Co.») — штраф да 10 базавых велічынь (да 50 — калі злачынец кіраўнічая асоба). За выкарыстаньне порна ў асабістых мэтах пакараньня няма.

У ЗША ня робяць адрозьненьня паміж уцягваньнем дзяцей у парнаграфію, яе распаўсюджваньнем і спажываньнем. Пакараньне — буйны штраф ці 15 год турмы, у найбольш сур’ёзных выпадках — да 30 год турмы.

Цалкам магчыма, што нехта ўжо стварае «Regpay-2». Таму амэрыканцы б’юць ня толькі па парнадылерах, але й па спажыўцах — яны спадзяюцца пазбавіць вытворцаў крыніцы даходаў. Каб патэнцыйныя кліенты гэтых сайтаў проста баяліся імі карыстацца. Адсутнасьць у Беларусі крымінальнай адказнасьці за спажываньне дзіцячага порна ня лезе ні ў якія вароты — на сайтах з сыстэмы «Regpay Co.» былі нават здымкі хлопчыкаў і дзяўчынак узростам ад двух гадоў. Спажывец такой «прадукцыі» — крымінальнік па сваёй сутнасьці.

Суд над кіраўніцтвам «Regpay Co.» пачнецца ў Нью-Джэрзі 1 сакавіка. Прагнозы адносна прысуду для парнадылераў — да 30 год турмы кожнаму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0