Мой працяглы досьвед удзелу ў выбарах паказвае, што сам мэханізм такі, што апрыёры выключае якія б там ні было шанцы іншадумцаў быць выбранымі. Таму задача-мінімум — дамагчыся справядлівага выбарчага працэсу. Іначай любы кандыдат — гэта камікадзэ, зь якога пасьля будуць сьмяяцца.

1. Тэрмін прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, як і любой, мусіць быць павялічаны хаця б да двух месяцаў. Беларусь не маленькая краіна, і 30 дзён для такой кампаніі замалы тэрмін.

2. Датэрміновае галасаваньне і галасаваньне дома мае быць скасавана.

3. Вайскоўцы павінны галасаваць на агульных з цывільным насельніцтвам выбарчых участках.

4. Скрыні павінны быць празрыстыя.

5. Старшыні выбарчых камісій не павінны мець пячаткі для скрыняў.

6. Камісіі мусяць быць парытэтныя.

7. Працоўныя калектывы не зьяўляюцца суб’ектамі палітыкі, таму павінны быць пазбаўлены права вылучаць кандыдатаў ці сяброў выбарчых камісій, назіральнікаў.

8. Назіральнікі павінны мець права вольнага доступу да ўсіх дакумэнтаў выбарчай камісіі.

9. Павінны быць зьняты ўсе незаконныя абмежаваньні свабоды слова, абмежаваньні на вядзеньне перадвыбарнай барацьбы (выпуск улётак, ладжаньне мітынгаў, сустрэч — словам, кантактаў з выбарцамі).

Выступы па тэлебачаньні, радыё, дэбаты кандыдатаў — абавязковыя для іх усіх. Трэба дамагацца скасаваньня забарон на мірныя шэсьці, мітынгі, пікеты.

10. Кандыдаты — службовыя асобы павінны на час выбараў скласьці свае паўнамоцтвы.

На дасягненьні гэтых зьмен у найбліжэйшыя 12 месяцаў і павінна быць засяроджана дзейнасьць апазыцыі.

Сэнс палітычнай дзейнасьці ў канкурэнцыі ідэй.

Я прапаную на ролю кандыдаткі ў прэзыдэнты спн.Красоўскую Ірыну.

Я ніколі ня бачыў яе, але тое, што я чуў па радыё «Свабода», чытаў у друку, стварае ў мяне такое ўяўленьне пра яе.

Яна маладая, разумная і прыгожая кабета.

Яна ня пырскае сьлінаю, калі прамаўляе па-беларуску.

Яна мае дачыненьні зь дзелавымі людзьмі.

Яна ведае палітыкаў, кантактуе зь імі.

Яна не належыць да аніякае партыі.

Яна разумна разгрузіць прэзыдэнцкую пасаду, пакінуўшы на ёй прадстаўнічыя, цырыманіяльныя і гуманітарныя функцыі.

Мне падаецца, вылучэньне кандыдата-жанчыны было б добрым ходам апазыцыі.

Вось чаму мужчыны-палітыкі павінны былі б шляхетна папрасіць спн.Ірыну быць адзінай кансалідаванай кандыдаткай і палічыць сваім гонарам зрабіць усё, каб яна перамагла. Думаю, багата жанок прагаласавалі б за яе з пачуцьця гонару і салідарнасьці. Справа тычыцца нашай Радзімы, ейнага гонару.

Трэба адкінуць усе асабістыя амбіцыі дзеля перамогі.

Надалей трэба думаць пра ўсталяваньне ў Беларусі канстытуцыйнай манархіі на чале зь вялікім князем. Радзівілаў у князі — першае, што прыходзіць па асацыяцыі.

Мікалай Бусел, Сьветлагорск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0