Ад 17 студзеня трымае галадоўку загадчыца камбінату бытавога абслугоўваньня вёскі Яглевічы (Івацэвіччына) Валянціна Налівайка. Яна сьцьвярджае, што міліцыянты перасьледуюць яе — два гады таму не захацелі расьсьледаваць крадзяжу грошай з кватэры, а нядаўна пазбавілі правоў на кіраваньне аўтамабілем за знаходжаньне за рулём у нецьвярозым стане. Жанчына настойвае, што ніякае экспэртызы не было.

25 студзеня журналісту «Белорусской газеты» Кірылу Жываловічу пракуратура Ленінскага раёну Менску прад’явіла абвінавачаньне паводле арт.363 ч.2 КК («Супраціўленьне работніку міліцыі ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак»); яму пагражае абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да пяці гадоў. Стралок каманды пазаведамаснай аховы «Белпошты» Юры Назарчук сьцьвярджае, што нецьвярозы журналіст напаў на яго. Жываловіч заяўляе, што ахоўнікі «Белпошты» зьбілі яго, калі ён зьбіраў інфармацыю для артыкулу пра дзейнасьць супрацоўніка няштатнай аховы.

Ружанскі праваслаўны сьвятар Іван Грудніцкі й грамада вернікаў (каля 100 чалавек) 26 студзеня паўсталі перад судом Пружанскага раёну: іх абвінавацілі ў несанкцыяваным богаслужэньні. Вернікі заяўляюць, што новы сьвятар а.Аляксандар Сень страціў давер. Працэс так і не пачаўся: судзьдзя вырашыў, што складзеныя міліцыянтамі пратаколы не адпавядаюць нормам і гэтая справа ня можа разглядацца ў судовай установе.

Дырэктар барысаўскага РУП «Агрэгаты» Валер Шышло 27 студзеня абвясьціў, што не працягне кантрактаў з работнікамі, якія ня ўступяць у прафсаюз аўтасельгасмашынабудаваньня (АСМ). Старшыня прафкаму прафсаюзу АСМ ААТ «БАТЭ» Сяргей Бузо адмовіў¬ся прымаць заявы пра выхад з афіцыйнага прафсаюзу.

Абвінавачаньне ў паклёпе і зьнявазе гонару ды годнасьці ўручылі 27 студзеня галоўнаму рэдактару недзяржаўнай газэты «Борисовские новости» Анатолю Букасу за артыкул пра рэдактарку газэты гарвыканкаму «Адзінства». Букасу пагражае абмежаваньне волі тэрмінам да трох гадоў альбо пазбаўленьне волі да двух гадоў.

Сябрам Партыі БНФ Уладзіславу Токараву й Кастусю Горнаму, затрыманым 28 сьнежня ў Віцебску за распаўсюджваньне каляндарыкаў радыё «Свабода», раённыя адміністрацыйныя камісіі 26 сту¬дзеня вынесьлі папярэджаньні.

28 студзеня ў выдачы беларускай візы адмовілі старшыню Беларускага саюзу ў Польшчы й галоўнаму рэдактару беластоцкай газэты «Ніва» Яўгену Вапу.

Уладзімера Падгола 28 студзеня выклікалі ў Менскую гарадзкую пракуратуру: сьледчы Аляксандар Піскароў цікавіўся ягонай кнігай «Куля для прэзыдэнта».

Да году зьняволеньня прысуджаны 28 студзеня судом Гарадзенскай вобласьці заснавальнік «Новой газеты Сморгони» прадпрымальнік Рамуальд Улан. У сьнежні 2003 г. ён на аўтамабілі зьбіў вэлясыпэдыстку. Хаця віноўнік кампэнсаваў пацярпелай матэрыяльныя ды маральныя страты і жанчына прасіла суд не караць Улана, суд прызначыў яму два гады зьняволеньня. Адразу пасьля суду Ўлан трапіў пад амністыю: ягоны тэрмін скараціўся напалову.

Падатковая інспэкцыя Цэнтральнага раёну Менску 27 студзеня паводле вынікаў праверкі Беларускага саюзу моладзевых і дзіцячых грамадзкіх аб’яднаньняў «Рада» пастанавіла спагнаць з арганізацыі 125 млн руб. Падстава — нявыплата падаткаў зь міжнароднай тэхнічнай дапамогі ад Эўрапейскай камісіі паводле праграмы ТАСІS і ад Арганізацыі Аб’яднаных Нацый паводле праграмы ЮНІСЭФ.

Актывіст «Маладой грамады» з Жодзіна Зьміцер Чарткоў 28 сту¬дзеня папрасіў палітычнага прытулку ва Ўкраіне. Ён кажа, што на яго ціснуць жодзінскія ўлады і адмі¬ністрацыя Акадэміі мастацтваў за ўдзел у пасьлярэфэрэндумных ву¬лічных акцыях ды ўкраінскай «Аранжавай рэвалюцыі».

29 студзеня ў Гомелі супрацоўнікі міліцыі і, магчыма, КДБ сарвалі прэзэнтацыю кнігі «Эўрапейскі выбар для Беларусі: сцэнар рэформаў». У часе сустрэчы яны правялі ператрус памяшканьня, шукаючы нейкія «12 скрынак», сыгнал пра якія нібыта паступіў у міліцыю па тэлефоне 02.

У Воршы 30 студзеня невядомы зьбіў жонку старшыні Віцебскай абласной філіі АГП Людмілу Ананьеву. Здарылася гэта ў пад’езьдзе дому, дзе жыве пацярпелая.

Жыхары Кастрычніцкага раёну Віцебску 31 студзеня сабралі больш за 1 000 подпісаў у абарону клюбу «Доблесть», пры якім дзейнічалі гурткі, рыцарскі клюб, тэатар мод і інш.

Акруговая выбарчая камісія Гарадзенскай-Цэнтральнай акругі №52 31 студзеня вынесла папярэ¬джаньне ініцыятыўнай групе намесьніка старшыні АГП Яраслава Раманчука за распаўсюд улётак з праграмай партыі і абавязала дастаць з паштовых скрынак распаўсюджаныя ўлёткі. Кіраўнік абласное філіі АГП заявіў, што сваіх улётак яны даставаць ня будуць.

Грамадзкае аб’яднаньне «Сацыяльныя тэхналёгіі» (старшыня — палітоляг Аляксандар Фядута) пачало працэс самаліквідацыі ў адказ на «прапанову» менскага гара¬дзкога ўпраўленьня юстыцыі. Афіцыйная падстава — тры папярэ¬джаньні, зробленыя на працягу мі¬нулага году.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0