Ня хочацца думаць пра Беларусь, заганяючы ўсе развагі пад рысу 2006 году. Пад чарговыя прэзыдэнцкія выбары. Бо нішто не пасяляе ў сэрцы надзеі на цудоўнае, прычым з кожным годам усё больш цудоўнае выратаваньне. Ні манатонны быт намэнклятуры, ні манатонны быт апазыцыі. Першая ўжо нават не варушыць той сваёй «здаровай часткай», якую ў ёй усё яшчэ падазраюць. А другая даўно працуе на саму сябе, свае схемы ўласнага выжываньня. Зноў будуць вылучаць адзіных кандыдатаў, дакладней, адзіных дублёраў, хадзіць па кватэрах, малаліка мітынгаваць, загадзя ведаючы, што атрымаюць сваю чарговую сатысфакцыю і пасьля, стомленыя ды задаволеныя, зноў канстатуюць: яшчэ не прыйшоў час.

Не натхняюць думкі пра выбары 2006-га. Беларускі народ атрымае кучу прапагандысцкіх матэрыялаў і западзе ў яшчэ большую палітычную анэмію, бо чарговы раз НЕ атрымае адказу на сваё просьценькае пытаньне — хто, калі ня ён? Хто наш герой, які ведае, чаго ён хоча, і гатовы ісьці да канца? Беларускі народ разумее, што альтэрнатыва можа быць толькі такая — роўная … асоба, якая возьме на сябе адказнасьць за краіну, і людзі гэта ня столькі зразумеюць, колькі адчуюць. Вось ён — чалавек, які САМ пайшоў, вось наш герой, вось наша надзея, вось дзеля каго мы рушым на свой беларускі Майдан сотнямі тысяч. Супраць дыктатуры, супраць гэтых … зь іх сталінісцкім «шармам». Але гэта мусіць быць чалавек, які пастанавіў да перамогі ісьці сам і за любы кошт. Бо ў нас цяпер — як на рок-канцэрце, важна, заводзіць ці не заводзіць, ці натхняе, ці ёсьць энэргетыка, ці не.

«Прэзыдэнт маёй мары» — гэта адзінае крэда, якое пры ўсёй умоўнасьці сытуацыі можа перамагчы сёньняшняе — «прэзыдэнт, які надаеў».

Ведаю, на жаль, што нават калі хто ў нас і акажацца ісьці на выбары, нават калі і заявіць з усёй сур’ёзнасьцю пра свае амбіцыі і калі ўсе адчуюць у ім павевы гэтай самай энэргетыкі і патэнцыял усенароднае падтрымкі, дык зараз жа пачнуць яго заціраць. І ва ўсім гэтым будзе ня столькі глупства або подласьці, колькі заканамернасьці. А дастацца гэтаму герою да народу будзе ўсімі сіламі замінаць і ўлада, і апазыцыя, якая хоча ўжо зараз па-парлямэнцку выставіць свайго трэцяга дублёра ў пятым шэрагу, крый Бог, не героя.

Таму найбольш верагодны варыянт, што будзем мы ў 2006 годзе зноў з Ганчарыкам, гэта значыць, зноў з Лукашэнкам. І таму думаць пра Беларусь на такі кароткі час ня хочацца. Хочацца зазіраць далей і дбаць пра далейшае, на даўжэйшы час запрагаць.

Ніхто нічога не ініцыюе. Усе прыладзіліся і сядзяць ціхенька — перабываюць больш-менш камфортна гэтае сваё жыцьцё. Апазыцыя прыладкавалася да прываднога рамяня ўлады, і цяпер, калі ёй трэба тысячу разоў аднавіцца, уваскрэснуць з руціны, каб і народ уваскрэс за ёю да актыўнага палітычнага жыцьця, яна ўсё часьцей вуснамі сваіх лідэраў заяўляе, ужо і зусім адкрыта, што зьмяняць нічога ня трэба. Пасьля такіх заяваў застаецца канстатаваць, што ў нас цяпер стабільная ня толькі ўлада, але й апазыцыя.

Стабільнасьць — такі прывабны нібыта лёзунг, насамрэч азначае сьмерць. Што не разьвіваецца, тое і не жыве.

Праўда, у нас ніколі не надрукуюць параўнальныя лічбы эканамічнага посьпеху з нашымі суседзямі па СССР, якія цяпер уступілі ў аб’яднаную Эўропу. А варта было б у «Советской Белоруссии» зьмясьціць такія параўнальныя табліцы. Напрыклад, пра сярэднія заробкі пры тых самых цэнах у краме. У Літве 500, у Польшчы 800, у нас пастаўлена задача — 250 «у.е». Пры гэтым хай бы камэнтатар «Советской Белоруссии» напісаў, што тыя 250 пры росьце коштаў і падзеньні даляра — гэта, па сутнасьці, тыя самыя 100 баксаў, якія нам ужо калісьці абяцалі. Ці, калі ўжо працягваць пра Літву, хай бы паведамілі, колькі там будуецца жыльля і, што вельмі важна, спартовых арэнаў сусьветнае клясы, да якіх так далёка нашым постсавецкім лядовым палацам. Ці — колькі там сучасных гіпэрмаркетаў, або колькі каштуюць патрыманыя машыны. Я ўжо ня згадваю такія рэчы, як аб’ём замежных укладаньняў у эканоміку ці бязьвізавы рэжым па ўсёй Эўропе...

Гледзячы ў такія табліцы, чытач «Советской Белоруссии» міжволі задумаецца пра каштоўнасьць нашай дарагой стабільнасьці. Але справа нават ня ў цэнах і гіпэрмаркетах. Бо і ў Літве з Польшчай камэнтатар «Советской Белоруссии» знойдзе што-небудзь накшталт недагледжаных палеткаў. Самае галоўнае, што там жыцьцё — рэальнае, праўдзівае. А ў нас усё спрэс пранізанае хлусьнёю. І ў гэтай «стабільнасьці» наша апазыцыя таксама, нібы ў люстэркавым адбітку, паўтарае паводзіны ўлады. Пачынаючы ад сур’ёзнасьці намераў на выбарах 2006 году пры даўно засвоеным жаданьні нічога не зьмяняць і сканчаючы тым самым моўным цынізмам, які зь невытлумачальнай упартасьцю прасоўваецца ў жыцьцё.

Захлушаная з усіх бакоў Беларусь на нашых вачох становіцца тэатрам абсурду. Хто што скажа або зробіць заўтра — невядома. Як у рэмарках Эжэна Ёнэска: «Гадзіньнік б’е, колькі захоча».

Апошні раз п’есу Ёнэска «Лысая сьпявачка» давялося глядзець сёлета на Новы год. А ставіў яе Беларускі гуманітарны — цяпер варта дадаць яшчэ — падпольны, закрыты Лукашэнкам Ліцэй. Ставіў у Вільні, куды ліцэісты прыехалі на два тыдні зімовае сэсіі. Гледзячы пастаноўку, жыва ўяўляўся і адчуваўся грамадзкі клімат у цяперашняй Беларусі, а яшчэ тое, што клясычную п’есу францускага абсурдыста не паставіць сёньня ніводзін менскі тэатар — з ідэалягічных меркаваньняў. Бо цяжка ўявіць сабе штосьці іншае, што так трапна распавядае пра наша жыцьцё, як гэтая старая п’еса.

Супастаўляю нядаўнія заявы кіраўнікоў Ліцэю пра тое, што яны, магчыма, настала перабяруцца ў Вільню, з выглядам Базылянскіх муроў — аграмаднага будынку колішняй легендарнай Віленскай Беларускай Гімназіі, якая чвэрць стагодзьдзя перад вайной плённа працавала тут для патрэбаў Беларусі. Ужо пару гадоў гэты будынак з мэмарыяльнай шыльдай выпускніцы Гімназіі Натальлі Арсеньневай стаіць пусты. Я думаю, што, можа быць, гэта — зададзенасьць. І знакавы беларускі зьмест — Ліцэй — шукае сваю форму, а знакавая беларуская форма — Базылянскія муры — чакае свайго зьместу. Калі яны сустрэнуцца — адбудзецца культурны выбух.

Калі яны сустрэнуцца, гэта будзе падказка пра тое, што прыйшла пара адрадзіць разбуранае за апошнія 10 гадоў віленскае беларускае жыцьцё. І ня толькі віленскае.

За гэтыя 10 гадоў беларускія асяродкі па-за межамі Беларусі перажылі заняпад — тую самую адсутнасьць натхненьня. Яны былі, па-першае, моцна прывязаныя да настрояў у мэтраполіі, а па-другое, адчувалі поўную неадпаведнасьць таго, што робіцца ў мэтраполіі, з тым сьветам, у якім яны жывуць.

І вось цяпер, на працягу наступных гадоў, сьпіраль гісторыі, якая не зьвіваецца на бацькаўшчыне, аб’ектыўна пачне закручвацца за яе межамі.

Беларускія школы, выдавецтвы, мэдыі, якім сёньня перакрываецца кісларод на бацькаўшчыне, мусяць існаваць па-за ёю.

Урэшце, ня так важна, дзе захаваюць свой нацыянальны агмень беларусы.

Варта згадаць, што менавіта закардонныя асяродкі на мяжы 1980—1990-х гадоў несьлі ў Беларусь і ідэю нацыянальнага станаўленьня, і газэты, і новыя структуры нацыянальна сьвядомага грамадзтва. Гэта ўсё гаворыцца не для таго, каб прыменшыць вартасьць таго, што робіцца на бацькаўшчыне, а толькі для таго, каб запабегчы працэсу дзяржаўнай дэнацыяналізацыі ў бліжэйшыя пяць-дзесяць-дваццаць гадоў, каб ён ня стаў незваротным. Будучыня беларускай нацыі, культуры, цывілізацыі ніколі і нікім ня мусіць ставіцца пад пытаньне. Бо ад гэтага ўрэшце залежыць, ці стане Беларусь нармальнай дэмакратычнай краінай, ці прападзе ў гульбішчах крамлёўскіх марыянэтак.

Сьпіраль гісторыі, колькі яе не расьцягвай, усё адно за вітком паўторыць віток. Гэта значыць, што час можна спыніць толькі ў сваім уяўленьні цаною аднятага ва ўласнага народу адчуваньня паўнаты жыцьця. Але насамрэч час ідзе. І рана ці позна пасьля западзіны і заняпаду зьяўляецца ўзгорак і ўздым.

Паводле перадачы «Вострая Брама» радыё «Свабода», скарочана

Сяргей Дубавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0