На Зямлі размаўляюць на шасьці тысячах натуральных моваў, палова зь якіх мае менш за 10 тыс. носьбітаў, а аж чвэрць налічваюць сама болей адну тысячу карыстальнікаў. Паводле ацэнак ЮНЭСКО, штогод паміраюць дзесяць моваў.

Ці азначае гэта, што мы назіраем заняпад моўнай разнастайнасьці? Глябалізацыя нясе з сабой дыктат найпапулярнейшых моў. Толькі вось яе выбар вызначаецца «моўным імпэрыялізмам» (як французы акрэсьліваюць сусьветнае дамінаваньне ангельскай), а ня зручнасьцю для карыстальнікаў і іх роўнасьцю: немцу лягчэй вывучыць ангельскую, чым беларусу, а беларусу — лягчэй, чым японцу.

Імпэрыялісты і ідэалісты

Гэтага недахопу пазбаўлены штучныя мовы. Найбліжэй да ідэалу наблізілася першая зь іх — сальрэсоль, распрацаваная ў 1817 годзе французам Жанам Франсуа Сюдрам. Яна грунтавалася на сямі нотах музычнай гамы, а «словы» налічвалі ад адной да чатырох нот (напрыклад, «бог» — гэта «до-мі-соль», а «д’ябал» — «соль-мі-до»; «соль-рэ-соль» азначае «мова»). Гэтая мова была аднолькава цяжкай для француза, ангельца ці аўстралійскага абарыгена.

На жаль, ня ў кожнага ёсьць музычны слых, таму задума Сюдра пацярпела крах, а ў 1879 годзе зьявіўся валапюк (ад ангельскіх слоў) — мова, заснаваная на перапрацаванай лацінскай, нямецкай, францускай і ангельскай лексыцы і граматыцы. Стваральнік валапюку, баварскі сьвятар Шлеер, верыў, што выконвае запавет Бога. У канцы XIX ст. — пэрыяд росквіту валапюку — ім валодалі 200 тыс. чалавек у Эўропе і Амэрыцы.

Прыцьміла яго папулярнасьць больш простае і лягічнае тварэньне доктара Эспэранта («той, хто мае надзею»). Пад такім псэўданімам афтальмоляг зь Беластоку Людвік Замэнгоф апублікаваў у 1887 годзе падручнік прыдуманай ім мовы, якой удалося зрабіцца самай папулярнай штучнай мовай у гісторыі. Сёньня колькасьць тых, хто гаворыць на эспэранта, ацэньваецца ў 1,6 млн чалавек, і нават можна знайсьці людзей, якія дзякуючы бацькам-эспэрантыстам гавораць на ёй зь дзяцінства.

На жаль, як Замэнгоф палепшыў ідэю Шлеера, так і іншыя захацелі стварыць мову, лепшую за эспэранта, у выніку чаго ўзьніклі новыя і новыя прапановы (у тым ліку іда, акцыдэнталь, навіяль, нэо, інтэрлінгва і інш.).

Навамоўе супраць каалангу

Эспэранта выдатна ведаў лінгвіст з Оксфарду Джон Рональд Руэл Толкіен, які ў 1932 годзе наракаў, што эспэранцкія ідыёмы ня маюць прыгажосьці, уласьцівай тым, што зьяўляюцца ў натуральнай мове. Тым ня менш, яго выдадзены ў 1954 годзе раман «Валадар пярсьцёнкаў» зрабіў рэвалюцыю ў літаратуры, бо для патрэб гэтага раману Толкіен прыдумаў ня толькі гісторыю апісанай неіснуючай краіны — Міжзем’я, але і шматлікія мовы, зь якіх самымі прыгожымі былі прызнаны квэнійская і сындарын — мовы эльфаў. Пісьменьнік адлюстраваў нават іх эвалюцыю ў ходзе выдуманай гісторыі Міжзем’я!

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

СП; Gazetа.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0