У панядзелак у Варшаўскім унівэрсытэце адбылося падвядзеньне вынікаў першага набору на стыпэндыяльную праграму польскага ўраду імяКастуся Каліноўскага. У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў Польшчы, амбасадары краінаў ЭЗ, акрэдытаваныя ў Варшаве ды рэктары польскіх ВНУ, у якіх навучаюцца студэнты зь Беларусі. На спатканьні прысутнічаў і лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч.

У ліпені 2006 году на навучаньне па Праграме Каліноўскага былі прынятыя 244 асобы, якія распачалі вучобу паводле 77 розных напрамкаў у 37 вышэйшых навучальных установах у 15 гарадох усёй Польшчы.

Найчасьцей беларусы абіралі інфарматыку, права, кіраваньне, паліталёгію, міжнародныя адносіны, а таксама эўрапеістыку, малекулярную біялёгію, скандынаўскую філялогію ды інжынэрыю.

Усе ўдзельнікі праграмы атрымалі штомесячную стыпэндыю ў памеры 450 даляраў ЗША, бясплатны камплект дапаможнай літаратуры па польскай мове, з бюджэту праграмы былі таксама выдзеленыя сродкі на аплату кніжак, патрэбных для вучобы на канкрэтным факультэце. Беручы пад увагу неабходнасьць адаптацыі й складнасьці, зьвязаныя з першым часам навучаньня, кожнаму студэнту быў прызначаны адмысловы асыстэнт, які дапамагаў акліматызавацца ва ўмовах польскай сыстэмы навучаньня.

Нягледзячы на шырокі спэктар падтрымкі, ня ўсе студэнты выкарысталі магчымасьць навучаньня, — кажа кіраўнік праграмы доктар Ян Маліцкі. Некаторыя ўдзельнікі праграмы ня здолелі адаптавацца ў Польшчы, частка ня справілася з навучальнай праграмай, былі нават і такія, хто ўвогуле ані разу не зьявіўся ў сваёй навучальнай установе.

Я. Маліцкі: Ня выканала ўмоваў праграмы альбо парушыла яе прынцыпы каля 40 асобаў, што складае 20% ад усіх удзельнікаў праграмы. Такая самая колькасьць студэнтаў адпадае й з польскіх навучальных установаў у выніку звычайнага навучальнага працэсу. Пры тым трэба заўважыць, што каліноўцы апынуліся ў значна горшай сытуацыі, чым палякі, паколькі яны мелі складанасьці й з мовай і з прывыканьнем да ўмоваў навучаньня ў Польшчы. Мы імкнемся дапамагаць студэнтам ва ўсім, аднак ёсьць правілы, якіх мы ня можам парушыць. Студэнт павінен дасягнуць таго ўзроўню, які патрабуе навучальная праграма канкрэтнага напрамку.

Рэктар Варшаўскага ўнівэрсытэту Катажына Халасіньска‑Мацукаў прызналася, што калі праграма толькі стваралася, яна мела сумневы наконт рэалізацыі яе галоўнай мэты, баючыся, што ініцыятыва можа мець выключна паказны характар.

К. Халасіньска‑Мацукаў: Мы ўсе павінны быць задаволеныя разьвіцьцём гэтай праграмы й мець пачуцьцё выкананага абавязку адносна нашых усходніх суседзяў. Такім чынам, мы выконваем доўг перад тымі, хто ў цяжкія часы калісьці дапамагаў нам.

Фінансаваньне праграмы імя Кастуся Каліноўскага адбываецца ў рамках праекту «Polska Pomoc», які ажыцьцяўляе Міністэрства замежных справаў Польшчы. Генэральны дырэктар Дэпартамэнту супрацы й разьвіцьця МЗС Польшчы Ежы Памяноўскі зазначыў, што ягонае ведамства будзе працягваць фінансаваньне падобных праектаў.

Е. Памяноўскі: Мы лічым, што толькі тая фінансавая дапамога, якая скіраваная на адукацыю, на ўзмацненьне грамадзянскай супольнасьці й самавызначэньне нацыі, зьяўляецца падставай для эканамічнага, палітычнага й грамадзянскага разьвіцьця. Мы будзем падтрымліваць праекты падобнага накірунку, ну й, вядома ж, гэты канкрэтны праект.

Між іншым фінансаваньню праграмы Каліноўскага была прысьвечаная й размова Аляксандра Мілінкевіча з амбасадарамі краінаў Эўразьвязу.

А. Мілінкевіч: Мы разглядаем гэтых студэнтаў як будучую беларускую эліту. Для нас вельмі важна, каб гэтыя людзі набылі як мага больш шырокія веды. Было б вельмі карысна, каб яны мелі магчымасьць на сэмэстар альбо два паехаць у іншыя краіны. Беларусь непазьбежна будзе інтэгравацца ў Эўропу й тыя людзі павінны валодаць дастатковымі ведамі пра аб’яднаную Эўропу, ведамі пра рэформы ў тых краінах, якія яшчэ нядаўна былі сацыялістычнымі. Акрамя таго, мы хацелі б, каб праграма пашыралася. Сёньня асноўны цяжар нясе Польшча, вельмі важна, каб да яе далучыліся й іншыя.

Ужо раней размовы пра магчымасьць навучаньня студэнтаў у іншых краінах Эўропы праводзіліся са швэдзкімі ўладамі. Аляксандар Мілінкевіч мяркуе, што цяпер ўдасца значна пашырыць кола эўрапейскіх навучальных установаў для ўдзельнікаў праграмы.

Праграма Кастуся Каліноўскага будзе працягвацца й у наступным навучальным годзе. Другі набор будзе складацца выключна з тых студэнтаў і дактарантаў, якія былі адлічаныя са сваіх навучальных установаў альбо якія ня могуць працягваць навучаньне ў сувязі са сваімі палітычнымі поглядамі. У гэтым годзе колькасьць удзельнікаў праграмы не павінна перавысіць 80 чалавек.

Дзьмітры Гурневіч, Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0