Заява прадстаўніка «Газпрому» аб павелічэньні цаны на газ для Беларусі з 2006 году прагучала нібы заўчасна. Яшчэ 2005 год толькі пачаўся, а тут гаворка пра 2006-ты. Да таго ж, заява трапіла ў цікавы кантэкст.

Нядаўна Лукашэнка замяніў чыноўнікаў, што мелі сувязі ў Маскве. Новая сыстэма спагнаньня ПДВ, здаецца, усё ж зьменшыць аб’ёмы гандлю з Расеяй. І — красамоўнае супадзеньне — цэлы шэраг нацыяналістычных ініцыятываў прадпісана рэалізаваць у галіне культуры. Выконвае іх хто як умее. Урад устанаўляе нацыянальныя музычныя прэміі. АНТ і радыёстанцыі ўзяліся замяніць расейскую папсу такою ж, але менскага разьліву. «Песьні году» ўсё яшчэ гучаць пад сурдынку, але выканаўцы, трэба прызнаць, ужо з густам апранутыя і добра рухаюцца перад камэрамі.

Намесьнік міністра культуры Ўладзімер Рылаткі адкрыта заявіў пра неабходнасьць «дэрусіфікацыі» культурнае прасторы. А «Беларусь сегодня» ў мінулую суботу ў рэдакцыйным камэнтары нават запяяла хвалу беларускай літаратуры і беларускім літаратарам — тым самым, каго яшчэ ўчора чарніла. Праўда, не канкрэтызуючы імёнаў.

Нават у самай кансэрватыўнай, рэлігійнай сфэры назіраецца ўвага да меншасьцяў. А.Лукашэнка другі раз за паўгоду сустрэўся з кардыналам Сьвёнткам. Вынік сэнсацыйны: прэзыдэнт будзе прыстунічаць на каляднай службе 25 сьнежня. Раней кіраўнік дзяржавы прысутнічаў толькі на праваслаўных набажэнствах. Калі навіна замацуецца, гэта будзе азначаць афіцыйнае прызнаньне шматканфэсійнасьці Беларусі і яе каталіцкага радаводу.

Незалежныя аналітыкі разважаюць пра магчымасьці імпарту рэвалюцыі з Захаду і Поўдня, а лукашэнкаўцаў, такое ўражаньне, па-ранейшаму непакоіць толькі страта падтрымкі з Усходу.

І тут як у пацьвярджэньне іхных страхаў выразная палітычная заява «Газпрому»: перад выбарамі мы такі возьмем вас за жабры.

Сутыкаючыся з эканамічнымі прэтэнзіямі Масквы, лукашэнкаўцы хапаюцца за нацыянальную сьвядомасьць як за жупел, які мусова час ад часу цыраваць, каб было чым памахаць перад носам Пуціна. Балазе ў Маскве яго панічна баяцца. А значыць, зь яго дапамогай можна вечна выбіваць газ, крэдыты і палітычнае прыкрыцьцё. І ўжо сьвядомасьць ім падаецца заслабою, прыдушанаю дзесяцьцю гадамі русіфікацыі. Мо мала заўважная з Крамля? Мо Пуцін не пабаіцца альтэрнатывы Рыгоравічу? Давайце ўзмацнім! Але крый божа, каб працэс ня выйшаў з-пад кантролю.

Габрусь з прыказкі дзейнічаў старым правераным мэтадам. Як трывога дык да Бога, а як па трывозе, дык і па Бозе. Непапраўныя марксісты штампоўкі вульгарных 70-х вельмі падобныя да хітрага Габруся.

Таму саступкі карэннаму насельніцтву і яго нацыянальнаму руху носяць непрынцыповы характар. Беларуская мова не разглядаецца як неад’емны элемэнт нацыянальнае сьвядомасьці. Няма і гаворкі аб прызначэньні, напрыклад, Уладзімера Арлова міністрам культуры, а якогасьці сумленнага Сержука Антусевіча, скажам, міністрам унутраных справаў.

«Няможна пабудаваць дрэва, — пісаў ангельскі паэт Эліёт. — Яго можна толькі пасадзіць і даглядаць, чакаючы пакуль яно вырасьце». Нацыянальная сьвядомасьць, яна як дрэва. Безь яе беларус ня можа стаць ні паўнавартым грамадзянінам, ні паўнапраўным эўрапейцам. Пакуль яна будзе разьменнаю манэтаю для палітыкаў і інтэлектуалаў, да тае пары Беларусь будзе заставацца непаўнапраўнаю дзяржаваю па-за рэчышчам эўрапейскай гісторыі.

Барыс Тумар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0