Танка ад Гілевіча

У Музэі Багдановіча адбылася ўрачыстая вечарына з нагоды выхаду кнігі лірыкі Ніла Гілевіча «На флейце самоты» (выдавецтва «Pro Christo»). Кніга напісаная ў жанры танка ды складаецца зь дзьвюх сшыткаў: першы прысьвечаны маці Кацярыне, другі — жонцы Ніне, зь якой цераз усё жыцьцё ішлі разам. Паводле народнага паэта, танка найлепей чытаць «сам-насам, у самоце, для чытаньня трэба час».

Беларуская музычная прэмія

«Беларуская «Грэмі» мае поўную назву — «Агульнарэспубліканскі фэстываль-конкурс «Нацыянальная музычная прэмія». Яна дзяржаўная. Арганізатарамі выступаюць міністэрствы культуры і інфармацыі, а таксама Белдзяржтэлерадыёкампанія. Лепшых зь лепшых маюць выбіраць у самых розных намінацыях: лепшы выканаўца, калектыў, кампазытар, паэт, дзіцячы праект, песьня году, радыёратацыя, лепшы музычны журналіст, кліп, прадусар і гэтак далей. Але вынікі будзе падводзіць залежнае ад дзяржавы журы.

Бэрлінале

У рамках традыцыйнага фэстывалю «Бэрлінале» з 10 да 20 лютага будуць паказаныя 350 фільмаў. «Гэта будуць стужкі пра футбол, сэкс і палітыку», — гэтак жартаўліва сфармуляваў тэматычную скіраванасьць карцінаў дырэктар фэсту Дытэр Косьлік.

«Трансатлянтык» за польскую кнігу

Кракаўскі Інстытут кнігі заснаваў прэмію за прапаганду польскай літаратуры ў сьвеце — «Трансатлянтык». Узнагароду могуць атрымаць ня толькі перакладчыкі, але й замежныя крытыкі, выдаўцы, журналісты. Узнагарода (статуэтка «Трансатлянтыка» і 10 тыс. эўра) будзе ўручана 13 траўня на І Кангрэсе перакладчыкаў польскай літаратуры. Самі палякі падлічылі: за апошнія 10 гадоў іх найбольш перакладалі немцы (415 назваў) і расейцы (404). Найчасьцей перакладаюць Тадэвуша Ружэвіча (42 мовы), Станіслава Лема (40 моваў), Віславу Шымборску (36 моваў), з клясыкаў — Генрыка Сянкевіча, Адама Міцкевіча, Баляслава Пруса. А каго перакладалі зь беларусаў і якімі сумамі беларускія ўстановы заахвочваюць перакладчыкаў зь беларускай? Ды ніякімі. Больш за тое, хто піша па-беларуску і хто прапагандуе беларускае — тыя ліхія ворагі для цяперашніх уладаў. Іх ігнаруюць, ім забараняюць уяжджаць у Беларусь. Гэтак, на мінулым тыдні Яўгену Вапу, рэдактару беластоцкае беларускамоўнае газэты «Ніва», без тлумачэньняў адмовілі ў беларускай візе.

Марына Шыкавец, Вольга Сергіеня, АВ

Музэй гісторыі польскіх габрэяў

У Варшаве зьявіцца Музэй гісторыі польскіх габрэяў. Такое рашэньне прынялі міністэрства культуры Польшчы й Габрэйскі гістарычны інстытут. Будынак разьмесьціцца на тэрыторыі 13 тыс. кв.м каля помніка Героям гета. Музэй мае асьвятляць ня толькі час Галакосту, але і ўсю 800-гадовую гісторыю габрэяў у Польшчы.

Новы альбом Планта

Робэрт Плант, былы вакаліст «Led Zeppelin», абвясьціў, што 25 красавіка выпусьціць з гуртом «The Strange Sensation» новы альбом. Над дыскам «Mighty Rearranger» музыкі працавалі ў гарах на поўначы Ўэльса ды ў графстве Сомэрсэт.

Пяты Потэр

Пятую частку прыгод маленькага чарадзея кампанія «Ўорнэр Бразэрс» пачне экранізаваць у 2006 г, а на экранах фільм зьявіцца ў 2007-м Рэжысэрам фільму «Гары Потэр і Ордэн Фэнікса» мае быць брытанец Дэйвід Ейц.

Марына Шыкавец, Вольга Сергіеня, АВ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0