Адкрыты чэмпіянат Беларусі па хакеі з шайбай узяў паўзу да 17 лютага. Хоць да завяршэньня першага этапу засталося правесьці па чатыры-шэсьць матчаў, але інтрыгі больш няма: вызначыліся ўсе ўдзельнікі плэй-оф.

У 1/4 фіналу трапілі менскія «Керамін», «Юнацтва», «Гомель», магілёўскае «Хімвалакно», «Хімік-СКА» (Наваполацак), «Сокал» (Кіеў), «Рыга-2000» і «Мэталюргс» (Ліепая). Надта ўжо істотная розьніца ў клясе між імі і чацьвёркай няўдачнікаў — «Берасьцем», «Віцебскам» ды некалі грознымі менскім «Дынама» і гарадзенскім «Нёманам».

Двухтыднёвая паўза ў чэмпіянаце выклікана перадалімпійскай кваліфікацыяй. Беларусы (галоўны трэнэр — Міхаіл Захараў) гуляюць у Рызе — разам з гаспадарамі, а таксама зборнымі Славеніі і Польшчы. Выглядае, што Латвія і будзе галоўным супернікам беларусаў. Але можа паднесьці сюрпрыз нашай зборнай і Польшча.

Заходніх суседзяў трэніруе Андрэй Сідарэнка, які на пачатку 1990-х быў «коўчам» беларускай дружыны. Сыход Сідарэнкі з пасады галоўнага трэнэра быў скандальны: яго тады падседзела групоўка хакеістаў, якую ўзначальваў акурат Міхаіл Захараў. Цяпер у сп.Андрэя ёсьць выдатны шанец адпомсьціць свайму крыўдзіцелю.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0