Папяровыя інвэстыцыі

Іран укладзе $400 млн у будаўніцтва заводу па вытворчасьці газэтнай паперы. Збудаваць яго мяркуюць у Шклове. Крэдытаваць праект будуць іранскія банкі. У сваю чаргу, на поўначы Ірану пабудуюць завод, на якім будуць зьбіраць трактары «Беларус». Праўда, у выпадку перамены палітычнай сытуацыі ў Іране гэтыя напалеонаўскія праекты чакае лёс аналягічных, заключаных з Садамам.

Брытанцы расчараваліся

Амбасада Вялікабрытаніі ў Беларусі зачыніла камэрцыйны аддзел. Рашэньне аб ліквідацыі аддзелу прыняло Міністэрства гандлю Аб’яднанага Каралеўства. Праца аддзелу зрабілася бессэнсоўнай, бо мала хто з брытанцаў жадае рабіць бізнэс у Беларусі зь яе непрадказальнымі законамі, зьменамі ў падаткаабкладаньні ды прыдзірлівымі фінансавымі кантралёрамі. «Брытанскіх бізнэсоўцаў ня вабяць рынкі, на якіх ім ставяць палкі ў колы», — заявіў пасол Браян Бэнэт у інтэрвію БелаПАН.

«Гарызонт» для кулінараў

Сёлета ўлетку «Гарызонт» распачне выпуск мікрахвалевых печак. Першая ЗВЧ-печ сыдзе з канвэеру 1 чэрвеня. Вырабляць іх будуць на заводзе «Беліт» у Паставах, які ўваходзіць у склад ААТ «Гарызонт». На заводзе мараць давесьці аб’ём прадукцыі да паўмільёна пячэй штогод.

Экападатак

Урад зацьвердзіў стаўкі экалягічнага падатку. Датычаць яны найперш «брудных» прадпрыемстваў. Так, права зьліваць у раку прамысловыя адкіды можна будзе набыць за 207—3500 рублёў за кубамэтар, у залежнасьці ад канцэнтрацыі атрутных рэчываў.

Грошы ёсьць грошы

Калі касір у пункце абмены валют адмаўляецца ўзяць у вас зашмальцаваны даляр — не адчайвайцеся. Лепш папрасіце яго яшчэ раз перачытаць апошнюю інструкцыю Нацбанку, якую разаслалі па ўсіх «абменьніках». Згодна зь ёй, адмовіцца ўзяць у вас замежную банкноту могуць толькі тады, калі вы склеілі яе з кавалачкаў, густа залілі фарбай ці намалявалі вусы на партрэце.

АК, АФН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0