Ідэал мужчыны сёньня — спонсар, гарант бясьпекі і бацька сямейства. Але ўжо праз 10 гадоў дзень 23 лютага нефармальна будзе ўспрымацца як сьвята абаронцы кампутара ад вірусаў.
Прагноз Лёліка Ушкіна.
23 лютага — самае нелягічнае сьвята ў беларускім календары. Калі верыць афіцыйным крыніцам, фармальна мы сьвяткуем дзень, калі паўстала «рабоча-сялянская Чырвоная Армія» РСФСР. Я добра стаўлюся да РСЧА, але мне не падабаецца, што чырвоныя беларусы актыўна мачылі бел-чырвона-белых беларусаў — слуцкіх інсургентаў ці «балахоўцаў». Апроч таго, прынцыпы фармаваньня РСЧА абсалютна не нагадваюць сучаснага беларускага войска: Мальцаву ў галаву ня прыйдзе адмяніць вайсковы статут, павыганяць праваслаўных папоў і, урэшце, надаць жаўнерам права выбіраць камандзіраў ды міністра абароны.
Дзень абаронцаў Айчыны даўно ўжо страціў першапачатковы сэнс — прафэсійнага сьвята чырвонаармейцаў. І гэта ня першая мэтамарфоза 23 лютага. На працягу сваёй гісторыі канцэпцыя сьвята мянялася мінімум тройчы.
Да пачатку ІІ сусьветнай маштабы сьвяткаваньня не перасягалі межаў казармаў Чырвонай Арміі. Прычым у той жа дзень сьвяткавалі і экзатычны Дзень Чырвонага ліста.
У часы зэніту савецкага таталітарызму 23 лютага стала адзначацца як дзень усіх мужчын, бо ўсе яны раней ці пазьней праходзілі ці меліся прайсьці службу ў арміі. Нарэшце, у постсавецкі час, калі інстытут войска дэградаваў, 23 лютага стала сьвятам нейкіх якасьцяў, зьвязаных з мужчынскай біялёгіяй.
Як вядома, мужчынскі канон у грамадзтве фармуецца праз:
— канатацыі ў масавай культуры (кіно і літаратура);
— сымбалічнае значеньне дзяржаўнай палітыкі ў выяўленьні маскуліннага і фэміннага;
— працэс сацыяльна-эканамічнай вытворчасьці, які выражаны ў культурных рэпрэзэнтацыях.
На экранах у нас дамінуе «Антыкілер», на першых палосах газэт месьціцца самі ведаеце хто, а кабеты ад беспрацоўя згодны гуртам і ўраздроб прадавацца ў сэксуальнае рабства. Такім чынам, ідэальны мужчына сёньня — спонсар, гарант бясьпекі і бацька сямейства.
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"