Маўклівы юнак (Йе Хі) пранікае ў чужыя пустыя дамы. Там ён адпачывае, мые гаспадарскую бялізну, рамантуе зламаныя рэчы — і фатаграфуе сябе побач зь сямейнымі партрэтамі. Раніцай бадзяга зьнікае, нічога ня ўзяўшы. У адной з кватэр юнак сутыкаецца зь пекнай фотамадэлькай (Лі Сын-Ён).

Дзяўчына, уцякаючы ад злоснага мужа, далучаецца да дзівака — і яны пачынаюць вандраваць разам. Але калісьці вандроўкі сканчаюцца: героі знаходзяць у пакоі труп…

Карціна Кім Кі Дука (ён да ўсяго і аўтар сцэнару), расьпешчаная ўзнагародамі Вэнэцыянскага кінафэстывалю, — пекная, паэтычная і гарманічная прыпавесьць, драма-загадка, дзе схаваны тайны — і ўсё навідавоку.

Для каханьня не патрэбны словы, таму міжсобку героі маўчаць — хлопец за ўсю карціну ня вымавіць ні слова. А ці ёсьць ён насамрэч, гэты бадзяжны дамавік, ці не прытрызьніўся гераіні?

Герой карціны выглядае рэальным. Спачатку гледачы бачаць яго бадзяжным матацыклістам. Потым — ён дробны злодзей, які пранікае ў кватэры. Але нашы тлумачэньні абмежаваныя — і мы трапляем у пастаўленую для нас пастку звыклага. Злодзей ня крадзе нічога, акрамя чужой хатняй утульнасьці, акрамя далучанасьці да сям’і ў пустым доме. Так цішком і рупліва вядзе сябе дамавік, які ўпотайкі дапамагае гаспадарам і клапоціцца пра сямейнае шчасьце.

Але дамавік Кім Кі Дука — бадзяга і карыстаецца матацыклам. «Бесклапотны яздок», як і мае быць у маладосьці, заняты пракаветным клопатам хатніх памагатых і мае свае звычкі. Адна зь іх — гольф. Ангельская назва карціны — «3-Iron», што часам перакладаюць як «Клюшка для гольфу №3».

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Андрэй Расінскі

«Пусты дом» («Bin-jip»)

Паўднёвая Карэя — Японія, 2004, каляровы, 95 хв.

Жанр: драма, прыпавесьць.

Адзнака: 8 (з 10).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0