Маналёг Атлянта

Я Атлянт,

І таму —

Я трымаю.

І ня важна што:

Дах,

Нейкую справу,

Малітву...

Паверце,

Нялёгка трымаць.

І няпраўда,

Што я — каменны.

Гэта скажа вам

Кожны з Атлянтаў.

І паверце,

Кожнай вясною,

Пераклаўшы цяжар на іншых,

Мне хочацца сесьці

На лаўку

Ля дому,

У чаканьні,

Што ля муру

Распусьціцца ружавы куст.

Але ведаю:

Распусьцяцца ружы

І стане так добра...

І абрынецца...

Не, ня дах —

Мой сусьвет,

Маё неба.

Таму — я трымаю.

І покуль трымаю —

Я жывы,

Я каменны,

Я вечны...

Ноч

Таемнае сьвятло,

Нібы душа

Яго ўвесь дзень зьбірала,

А цяпер —

Раздорвае.

Нібы яна,

Душа, —

Агонь,

А я —

Людзкое кола.

Тварам да сьвятла,

Сьпіной — да цемры.

Вечна,

Нерухома

Сядзець бы так

У гэтай паўнаце,

Дзе твар да твару,

Перад сьвятлом,

Што льецца цераз край.

* * *

Збудаваў я помнік

Ледзяным героям,

Што загінулі ад ільду.

Прыйшла вясна

І ўсё растапіла.

Але памяць мая аб іх —

Не растане.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0