Выснова з кіеўскіх падзей ад Беларусі да Казахстану адна: душыць у зародку. Апазыцыі ў гэтых краінах даводзіцца рыхтавацца да цяжкіх часоў. Але гісторыі ня спыніш. Ня спыніць яе ні Лукашэнка, ні нават Цзян Цзэмінь.

«Аранжавая рэвалюцыя» ва Ўкраіне паказала, што і сацыяльныя пераломы дапасоўваюць сваё аблічча да часу. У адрозьненьне ад колішніх змагароў з «Салідарнасьці», кіеўскія рэвалюцыянэры ні на сэкунду не заставаліся сам-насам з рэжымам. Злучаныя ў адзіную сетку тэлекамунікацыямі і падтрымліваныя замежнымі піяр-кансультантамі, яны расхісталі ўладу Кучмы.

Інфармацыя ў любы час і ў любым месцы

Актывісты «Салідарнасьці» былі ў міжнароднай ізаляцыі і мусілі пераадольваць нечуваныя камунікацыйныя праблемы, у той час як сёньняшнія рэвалюцыянэры — ці то ў Бялградзе, ці ў Тбілісі, ці ў Кіеве — выкарыстоўваюць найсучасьнейшыя сродкі камунікацыі, лічаць Інтэрнэт і мабільную сувязь гэткімі ж само сабой зразумелымі рэчамі, як ксэракс ці факс, і атрымліваюць магутную падтрымку з Захаду. Тэхнічнай іконай змаганьня супраць Ярузэльскага і яго таварышаў быў капіявальны апарат, падрыўны алькагольны пах якога ачмураў прагрэсіўнае пакаленьне таксама й на Захадзе. У астатнім рэвалюцыянэрам была даступная толькі сыстэма распаўсюду «з вуснаў у вусны» ды стацыянарны тэлефон. Пакуль інструкцыі з прафсаюзнага каардынацыйнага цэнтру даходзілі да шараговых актывістаў, магло прайсьці вельмі шмат часу.

Тым часам калі ў лістападзе штосьці здаралася ў Данецку, у Кіеве гэта ведалі ўжо праз сэкунды. На традыцыйныя СМІ пры гэтым мала зважалі. Пасьля забойства журналіста Георгія Гангадзэ Інтэрнэт стаў для ўкраінскай моладзі сымбалем непадкупнасьці. Кантраляваныя ўрадам газэты, якія тады бессаромна хлусілі, да сёньня застаюцца дыскрэдытаванымі. Праўду шукаюць у віртуальнай прасторы.

Ідэя надаць рэвалюцыі колер, як прадукту, аказалася неймаверна пасьпяховай. Ва Ўкраіне мы ўбачылі першую «Corporate Revolution». Дастаткова было шаліка, каб паказаць язык карумпаванаму рэжыму. Той, хто насіў аранжавае, быў сваім, рэвалюцыянэры бачылі сьведчаньні ўласнай моцы на кожным кроку, і ўсё, што й дагэтуль было аранжавым, — лягатыпы фірмаў, аўтобусы, уніформа дарожных работнікаў — міжволі стала рэклямай. Сучасная рэвалюцыя прэзэнтуе сябе лёгка і шыкоўна: падспуднае дзікунства колішніх барадатых дэманстрантаў саступіла месца стылёваму іміджу, і мала хто яшчэ бярэ ў рукі гітару каля вогнішча ў лягеры.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

«Neue Zuercher Zeitung»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0