Пісьменьнікі вырашылі змагацца — патрабаваць, каб ім вярнулі Дом літаратара цалкам.

Валянцін Тарас адзначыў, што за сваю 70-гадовую гісторыю Саюз пісьменьнікаў Беларусі ня дзейнічаў толькі тры гады — падчас нямецкае акупацыі. Цяперашнюю сытуацыю, калі Саюз пісьменьнікаў фактычна ліквідуюць, Тарас параўнаў з часамі тае акупацыі.

З прапановы Ніла Гілевіча літаратары вырашылі прыняць зварот да беларускага народу з просьбай выступіць у абарону беларускай літаратуры й творчай суполкі, а таксама напісаць адпаведны зварот у ЮНЭСКО. Акрамя таго, маюць зьявіцца адпаведныя звароты да творчых саюзаў Беларусі, пісьменьніцкіх саюзаў іншых краін.

Гаворка пра лёсы Дому літаратара і «Іслачы» зараз пойдзе на сходзе Беллітфонду. Сябры Саюзу пісьменьнікаў уласна й складаюць Беллітфонд.

Адам Воршыч

Адам Мальдзіс: Трэба апэляваць да таго, што Дом літаратара будаваўся пад апекай Пятра Машэрава, раз ужо мы працягваем найлепшыя традыцыі той улады. Калі зьнікне Саюз пісьменьнікаў, гэта будзе найперш удар па прэстыжы нашай краіны.

Генадзь Бураўкін: Ні на суд, ні на якія пагадненьні зь цяперашнімі ўласнікамі будынку спадзеваў няма. Калі будуць высяляць сілай… Сіла ёсьць сіла. Спадзяемся на тое, што добрыя людзі дапамогуць падтрымкай. Адзінае выйсьце: зварот да іншых творчых суполак Беларусі і замежжа, у тым ліку да Міжнароднага ПЭН-клюбу з просьбай пра падтрымку.

Уладзімер Колас, дырэктар Беларускага ліцэю:

Літаратары павінны самі вызначыцца, як яны хочуць бараніць свае правы, а мы ім абавязкова будзем дапамагаць. Павінен быць шырокі грамадзкі розгалас: трэба выкарыстаць усе СМІ, каб на абарону Дому літаратара прыйшлі ўсе, хто любіць беларускую літаратуру. І трэба супраціўляцца выгнаньню — нават фізычна. Гэты рубеж нам здаваць нельга: літаратары павінны заставацца ў сваім будынку.

Аляксандар Атрошчанкаў, прэс-сакратар незарэгістраванага руху «Зубр»:

Адзіны дзейсны мэтад — публічны пратэст. Перамовы ня дзейнічаюць, бо гэта спроба гуляць у гульню, у якой адзін бок увесь час мяняе правілы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0