Пра Р.Барадуліна шмат могуць расказаць назвы яго кніг.

Ён зачараваны сьветам прыроды: спавядаецца, што любіць і «маладзік над стэпам», і «спадчыннае возера маё, // Вечнасьцю прывечанае // Вечальле» («Вечальле»), і «вяртаньне ў першы сьнег», «і сонца сьмех, // і аблачынак апошні сьнег // п’ю зь неба, як з поўнага кубка, нагбом…» («Нагбом»), і «рум» на беразе ракі, адкуль сплаўлялі плыты, і «маўчаньне перуна», і «белую яблыню грому», і «сьвята пчалы».

Паэт апісвае чароўную краіну каханьня (кніга «Адам і Ева»): «А я выводжу, як школьнік, // Імя тваё на сьнягу» («Дзень пачынаю…»). Хоча, як і ў маладосьці, па-ранейшаму «рунець, красаваць, налівацца!» «Неруш» некранутых тэм і вобразаў ён з дапамогай высокай «Амплітуды сьмеласьці» ператварае ў «Абсяг» індывідуальна-непаўторнай паэзіі, якая пішацца цягам доўгай «Лініі перамены дат». А ягоная «Самота паломніцтва» з «Эвангельлем ад Мамы» нагадвае, што «Трэба дома бываць часцей…», і абяцае «Міласэрнасьць плахі», бо сапраўднае застаецца. Заканамерны працяг яго сяброўскіх шаржаў («Абразоў без абразы») — «Дуліны ад Барадуліна» (на нашых вачах нарадзіўся іранічны жанравы сынонім «барадулінскай эпіграмы» — «дуліна»!). А якія ўзьнёсла-чароўныя назвы барадулінскіх прысьвячэньняў жанчынам — «Рэвэрансны верш», «Акрамроя», «Акрааняменьне»!

Паэт экзыстэнцыйна-тонка адчувае самоту, шануе духоўнага Бацьку і родную Маці — крыніцу сваёй творчай моцы і магутнай моўнай стыхіі («Я цяпер як апошні колас. // З самых родных яшчэ засталіся // Бацька Бог ды ад мамы Голас»). Удзячны сын, які шмат вершаў прысьвяціў маці Куліне («Толькі ў мамы // Самы суровы дакор // І пяшчотнейшы самы»). Рыгор Іванавіч любіць і ўнучку Дамініку, якую ён вучыць і ў якой вучыцца: «Размову вяду з Дамінікаю, // Яна мне й кажа сакрэт: // — У каго сэрца вялікае, // Той пражыве ўвесь сьвет…» («Размову вяду з Дамінікаю…»). Толькі гэты паэт можа зь лёгкім гумарам, зь нечаканым вобразна-сытуацыйным паваротам так апісаць эратычныя жаданьні: «Дзе зор, // Дзе радзімак галяктыка? // Малю ў вечаровым запале, // Каб гузікі ўсе з халаціка, // Як зьнічкі, // З твайго апалі» («Маленьне да твайго халаціка»).

Узьнёсласьцю мілоснага пачуцьця кранае: «Я думаю ўвесь час // Ня думаць пра цябе» («Марнае стараньне»). Уздымае настрой ода-прысьвячэньне «Дзяўчатам філфаку»: «Ад абцасікаў да макаўкі // Вы ў сюжэтах, параўнаньнях, // Мройнавокія філфакаўкі, // Рыфма глухне перад вамі»; «Усьміхнецеся, філфакаўкі, — / У душы ўзыходзяць зоры». Калі паэт быў немаўлём, бацькі пратэсьціравалі яго па-сялянску, і дзіця выбрала бурак, а не паперыну (значыць, будзе аратым, сейбітам). «Пацьвердзіўся тэст: // Зь відна да цямна // Ару я даволі // І сею ўволю: // Насеньне чорнае, // Белае поле» («Тэст пацьвердзіўся»).

Ужо стаўшы валхвяцом Паэзіі, аўтар набліжаецца да разуменьня яе сутнасьці: «Лірычны верш — // Юнак дзівоснай моцы й // Мужчына, // Што адчуў сваю бяду, // Касьмічны сон // Усіх зямных эмоцый, // Табе на плаху // Галаву кладу» («Юнак і…»). У творах Р.Барадуліна «Асацыяцый караваны // Па ўсіх радках накіраваны» («Паэты»). Ён падказвае іншым творцам: «Сам дбацьмеш аб сяўбе // І думаць пра дакоскі. // Прадумай сам сябе // Ад кропкі і да коскі» («Паэты»). Як вопытны майстар, пісьменьнік з гумарам раіць маладзейшым, як церабіць шляхі да Парнасу («Выпускай па мікратому // І не саступай нікому», рабі самарэкляму, «модна фатаграфавацца // Навучыся тэрмінова: // Выгляд скажа больш, // Чым слова!», жаніся з дачушкай генія і інш.). Ня выйдзе — ня варта перажываць: «А ня ўдасца на літполі // Свой пакінуць вечны сьлед, — // Хоць бы насьлядзіць уволю!» («Як у геніі прабіцца?»).

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Тацяна Барысюк

Рэдакцыя далучаецца да віншаваньняў з 70-годзьдзем народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0