У Беларусі зьявіліся новы камэдыёграф і новы стыль камэдыі.
«Колер каханьня» рэжысэра Аляксандра Канановіча глядзеў Андрэй Расінскі.
Зялёны, Вольскі і п’яўказаводчык
Сюжэт наступны: натхнёны юнак Леанард (Пётар Юрчанкоў-мал.) імчыцца на фаэтоне да нявесты, прызнаецца ў каханьні, абдымаецца — суцэльная ідылія на тле краявідаў расейскага нечарназем’я. Але сьледам зьяўляюцца насаты і вусаты Лявон Вольскі на чале аркестрыка «Крамбамбуля» ды кандыдат у цесьці, шчодры й шчыры п’яўказаводчык (Аляксандар Бяспалы).
Непрыемнасьці для Леанарда пачынаюцца ў горадзе. Крыж на ягоным вясельным гарнітуры «ставіць» паветраная цыркавая карова-ўцякачка. Потым будуць юрлівая гараджанка (Алеся Пухавая), што прапануе адмыць касьцюмчык і пафарбаваць яго ў зялёны колер, зьяўленьне мужа-раганосца (Ігар Кашэўскі), пасьля якога пазелянее і скура недарэкі-героя, юрлівая палеская знахарка...
Урэшце пераможа сапраўднае каханьне стойкай нявесты (Юлія Кадушкевіч), здольнае вярнуць шчасьце «іншаколернаму».
Аголеным па вуліцах
У фільме няма аніводнай слабой ці прахадной ролі, нават эпізадычныя пэрсанажы запамінаюцца. А сапраўдным падарункам можна лічыць фільм для выканаўцаў галоўных роляў П.Юрчанкова-мал. і Ю.Кадушкевіч.
Юрчанкову не заўжды шанцавала з рэжысэрамі і сцэнарыстамі, а тут ён абсалютна на сваім месцы. Ягоны Леанард — легкадумны, пуставаты, але пацешны й сымпатычны. Актору мужна прыйшлося шмат гадзін цярпець наяўнасьць на сабе грыму, бегаць па горадзе ў афарбавана-аголеным выглядзе. «Калі б я ведаў, на што пагадзіўся!» — скардзіўся ён.
Нявесьце (Юліі Кадушкевіч) у фільме прыйшлося нават падаць з каня. У апошняй сцэне, калі гераіня абдымае свайго жаніха, яе тонкія падрапаныя рукі выклікаюць спачуваньне.
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"