«Крамбамбуля» вярнулася з турнэ па Ўкраіне ў гуморы, хоць усе ўдзельнікі праекту прыхварэлі, а прадусарка Ганна Вольская нават падхапіла ангіну.

Новыя ўражаньні і знаёмствы, канцэрты ў культавых і экзатычных клюбах, этэры на радыё- і тэлеканалах — усё гэта дае нагоду музыкам цешыцца і працаваць далей: кола прыхільнікаў «крамбамбульных» сьпеваў расьце і пачынае ахопліваць суседнія краіны.

Знайшліся прыхільнікі творчасьці Вольскага і на мяжы. І беларускія, і украінскія мытнікі прасілі ў яго альбом «Крамбамбулі». Нашы задавольваліся касэтамі, а украінцы — толькі CD. «Добра, калі б прасілі, а то ж яны патрабуюць — а іначай, маўляў, будзеце тры гадзіны ў чарзе стаяць!» — кажа Лявон Вольскі.

Калі музыкі вярталіся назад, дык на ўкраінскай мяжы прыкінуліся Сашам і Сірожам з групай акампанэмэнту: гэтыя пэрсанажы там ледзьве не нацыянальныя героі — часопіс «FHM» прызнаў «Новыя калыханкі» тэлеперадачай году ва Ўкраіне. Памежнікі далі веры і прапусьцілі без чаргі.

10 лютага Вольскі і К° гулялі па Храшчаціку, пілі піва ў барах і захапляліся сьвяточнай кіеўскай аўрай. Увечары ў іх быў канцэрт у культавым арт-клюбе «44», дзе часьцяком іграюць вядомыя ўкраінскія каманды. Адна з арганізатараў кіеўскага турнэ Алёна Скарабагатая кажа, што ажыятажу яны нарабілі — на канцэрт зьехаліся прадстаўнікі буйных тэлеканалаў («Інтэр», «М1»), дырэктар кампаніі «Лавіна-рэкардс», які выдае альбомы Скрыпкі і Вакарчука, дый Вакарчук зь вялікай цікавасьцю назіраў за выступам «Крамбамбулі». За гэта Вольскі падараваў лідэру «Акіяну Эльзы» дыск. Пры канцы канцэрту беларусы паджэмавалі з шатляндзкім дударом.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0