У Маскве думалі: прыехаў бедны студэнт зь Беларусі шукаць грошай. А высьветлілася, што бюджэт нашых дыплёмных работ у чатыры разы большы за іхні. Наша краіна — мэдыюм, і за гэта я яе люблю. Аляксандар Канановіч адказвае на пытаньні «НН».
«НН»: Як так здарылася, Аляксандар, што Вы сталі кінарэжысэрам?
Аляксандар Канановіч: Я вучыўся ў пэдагагічным унівэрсытэце — і мы хадзілі натоўпам да сябра, Славы Добіна, глядзець кіно. Глядзелі і глядзелі — а потым падумалі: рэжысэрам… прыкольна… А са мной на курсе вучыўся Амар Гайдук, сын дакумэнталіста Станіслава Гайдука. Ён і кажа: «А цяпер Пташук курс набірае…» Я пайшоў на падрыхтоўчы, паступіў потым… Чаму, што, як — кіно глядзелі.
«НН»: І як да кінакамэдыі дайшлі?
АК: Дзякуючы Пташуку. Ён нас дакладна скіраваў на жанравае кіно. Глядзеў, да чаго мы схільныя. Ад «таркоўшчыны» рукі адбіў адразу. Як ён казаў — «экран пакажа». Нават калі яшчэ толькі думаеш пра кіно, калі сцэнару няма, трэба помніць: будзе экран і будзе глядач у залі. Для гледача здымаць. Я трапіў пад раздачу камэдыі…
«НН»: «Колер каханьня» — двайны дэбют: ваш і выпускніка расейскага Інстытуту кінэматаграфіі Аляксея Арсенцьева. Гэта зьвязана зь фінансаваньнем ад расейскага Інстытуту?
АК: Была забаўная сытуацыя, калі я там быў. На мяне глядзелі, думаючы: вось прыехаў бедны студэнт зь Беларусі шукаць грошай. А высьветлілася, што бюджэт нашых дыплёмных работ большы за іхні.
У нас не рыхтавалі кінаапэратараў. Я спытаў у знаёмай дзяўчынкі, якая паступіла ў Інстытут кінэматаграфіі ў Расеі, пра кінаапэратараў-выпускнікоў. Папрасіў адабраць найлепшых. Найлепшым быў Аляксей. А паколькі ў расейскім Інстытуце бракавала апэратараў, а Аляксей зьехаў на мой фільм, тамтэйшым студэнтам давялося пабегаць, шукаючы апэратара для дыплёмных работ.
«НН»: Ваш фільм — гэта нястрыманая эксцэнтрыка, рамантычная буфанада. А як наконт сацыяльных момантаў?
АК: Хацелася дадаць у фільм «сацыялкі». Але ж… дваццаці хвілін вельмі мала. Калі б сорак хвілін ці хаця б паўгадзіны, каб растлумачыць, што адбываецца… Закладзена нешта яшчэ ў сцэне — глядач не рэагуе, хаця я ведаю, што павінен: проста не пасьпявае, таму што няма дадатковага часу для асэнсаваньня, высокая насычанасьць падзеямі. Дарэчы, у поўным сцэнары сацыяльны момант быў — адносіны Беларусі й Расеі. Мы вельмі моцна скандэнсавалі фільм.
«НН»: І эксцэнтрыка…
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"
Гутарыў Андрэй Расінскі