Лёс эўрапейскіх народаў больш не вырашаецца, як было ў мінулым стагодзьдзі, падчас сустрэч лідэраў вялікіх дзяржаваў. Чакаць, што для Беларусі нешта зьменіцца ў выніку «саміту» ў Братыславе, значыць займацца самападманам, піша Віталь Тарас.
Паводле першага свайго значэньня слова «summit» у ангельскай мове азначае «вяршыня». Некалі за савецкім часам сустрэчы паміж кіраўнікамі ЗША і СССР сапраўды выглядалі найважнейшымі, «вяршыннымі» падзеямі ў міжнароднай палітыцы. Праўда, далёка не заўсёды сустрэчы ў вярхах прыводзілі да «разрадкі» — як у выпадку з Брэжневым і Ніксанам. Сустрэча Хрушчова з Кенэдзі, напрыклад, адбылася незадоўга да Карыбскага крызісу 1962 году, які ледзьве ня скончыўся сусьветнай ядзернай вайной! А сустрэча Брэжнева з Картэрам у Вене пры канцы 1970-х гадоў толькі абвастрыла супярэчнасьці паміж дзьвюма ядзернымі звышдзяржавамі. Вяршыняй тых супярэчнасьцяў — асабліва што да погляду на правы чалавека і сувэрэнітэт суседніх з Савецкім Саюзам краін — сталася ўварваньне савецкіх войскаў у Аўганістан.
Былі, так бы мовіць, прамежкавыя саміты, якія запомніліся, хутчэй, анэкдатычнымі падрабязнасьцямі, чымся вынікам. Напрыклад, ад сустрэчы ва Ўладзівастоку ў Джэралда Форда, які на кароткі час зрабіўся прэзыдэнтам ЗША пасьля сыходу Рычарда Ніксана, засталося хіба толькі воўчае футра, якое таму падараваў са свайго пляча савецкі генсек.
Сустрэчы Гарбачова з Рэйганам, якія напачатку здаваліся сэнсацыяй (і сапраўды былі такой сэнсацыяй, улічваючы пагадненьне пра абмежаваньне стратэгічных узбраеньняў), вельмі хутка сталі ўспрымацца як свайго роду турыстычныя паездкі лідэраў дзьвюх дзяржаў. Яшчэ больш гэтае адчуваньне ўзмацнілася ў постсавецкую эпоху. Сустрэчы Ельцына з Бушам-старэйшым і Клінтанам адбываліся найчасьцей у рамках так званай «вялікай васьмёркі» (сямёрка найбольш разьвітых краін Захаду плюс Расея), падчас якіх расейскі прэзыдэнт рабіў сваім партнэрам розныя больш ці менш экзатычныя падарункі. Пры гэтым расейскі лідэр любіў пры выпадку ці без усялякай нагоды паўтараць «Мой сябар Джордж» ці «Мой сябар Біл».
Пра сустрэчы цяперашняга прэзыдэнта Расеі з Джорджам Бушам-малодшым, хоць гэтыя «саміты» належаць да самае, так бы мовіць, найноўшае гісторыі, увогуле цяжка нешта прыгадаць. Гэта ўжо хутчэй задача для гісторыкаў, адмыслоўцаў у дыпляматычным пратаколе ці іншых спэцыялістаў вузкага профілю. Строга кажучы, гэтыя сустрэчы наагул цяжка назваць самітамі. Бо нікому з заходніх журналістаў ня прыйдзе да галавы назваць так, скажам, сустрэчу прэзыдэнта ЗША з прэм’ер-міністрам Нідэрляндаў, дагнаць якія па аб’ёме валавога ўнутранага прадукту імкнецца Расея, альбо з султанам Брунэю, які таксама мае вялікія запасы нафты.
Паміж іншага, звычайным амэрыканцам, якія традыцыйна кепска разьбіраюцца ў геаграфіі, асабліва эўрапейскай, даволі цяжка адрозьніць былую югаслаўскую рэспубліку Славенію, дзе адбылася мінулая сустрэча Пуціна з Бушам, і Славакію, якая ўваходзіла ў склад ЧССР. Цікава, што для чэхаў розьніца ў напісаньні назваў гэтых дзьвюх краін увогуле заключаецца ў адной літары: Slovinsko i Slovensko.
Зразумела, для расейскіх палітолягаў і журналістаў — прынамсі тых, хто больш-менш разьбіраецца ў палітычнай геаграфіі, — розьніца відавочная. Славаччына непасрэдна мяжуе з Украінай, якая яшчэ нядаўна, паводле негалоснай клясыфікацыі Крамля, уваходзіла ў блізкае замежжа (чытай, лічылася сатэлітам Масквы). Сацыялістычная Чэхаславакія, у адрозьненьне ад СФРЮ на чале зь непадкантрольным Крамлю Ёсіпам Цітам, таксама некалі была савецкім сатэлітам. Што Масква недвухсэнсоўна давяла ўсяму сьвету ў 1968-м годзе, калі ўвяла танкі ў Прагу. Братыслава, дарэчы, насуперак легендам, тады таксама пратэставала супраць савецкай інтэрвэнцыі. Іншая рэч, што славацкая вёска (як, зрэшты, і чэская) засталася ў цэлым абыякавая да ўводу «братніх войскаў» у краіну. Акрамя таго, славакі, якія зазналі дыскрымінацыю з боку Прагі, традыцыйна больш прыхільна ставіліся й ставяцца да расейцаў.
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"