Пад электаральную кампанію Казуліна трэба ствараць новую гістарычную школу, піша фэльетаніст Лёлік Ушкін.

Цягам апошніх гадоў у Беларусі панавалі дзьве канцэпцыі сучаснай гісторыі — апазыцыйная і афіцыйная.

Апазыцыйныя Плютархі разглядаюць сёньняшні рэжым як аўтарытарны зыгзаг, які ў выніку ўнутраных супярэчнасьцяў і замежнага націску раней ці пазьней храсьнецца. Пасьля гэтага Беларусь падключыцца да ўнівэрсальнага працэсу, якім крочыць усё чалавецтва.

«Дэбілы! — кажуць афіцыйныя гісторыкі. — Беларусы даўно ў тых працэсах. Прычым ня хто іншы, як прэзыдэнт, вярнуў нас у гэтую каляіну пасьля дэмакратычнага зыгзагу пачатку 1990-х». Што да міжнароднай ізаляцыі Менску, то гэта часовыя праблемы стыкоўкі, амаль як «Windows XP» ня бачыць сканэра «Epson-1250». Аднак вы ж ня выкінеце праз гэта сваё жалеза. Проста пачакаеце, пакуль знаёмы Біл Гейтс сумясьціць сыстэмы.

Пакуль згаданыя школы грызьліся, набрала моц новая — «школа эфэктыўнасьці». Калюмбамі яе сталі лукашэнкаўскія тэхнакраты, якія перабеглі ў апазыцыю.

Тыповым адэптам новай плыні зьяўляецца сп.Казулін. У сваім нашумелым інтэрвію «Народнай волі» ён прапануе разглядаць эру Лукашэнкі ня комплексна (дыктатура або вэртыкальнае народаўладзьдзе), а як дзьве цалкам розныя фазы.

Першая фаза — калі Лукашэнка праводзіў эфэктыўную палітыку на карысьць грамадзтва. Зразумела, што ў гэты час Казулін быў разам з бацькам. Другая — калі Лукашэнку пераклінавала на тое, каб праводзіць неэфэктыўную палітыку. Таму Казуліна «папрасілі».

Гэта цікавае і вельмі пэрспэктыўнае слова ў гістарычнай навуцы.

Як дэманструе прыклад Грузіі і Ўкраіны, лідэрамі аксамітных рэвалюцый становяцца былыя саноўнікі. Так што кожнае пасяджэньне Саўміну Рыгоравіч можа сьмела пачынаць біблійнай цытатай: «Адзін з вас (добра яшчэ, калі адзін) здрадзіць мне».

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0