Мабільныя вершы
Вільнюс і Вільня
Усё проста, як тостэр. Хочацца паветра.
Трэба выйсьці і пабачыць неба.
Мо тады я зразумею, што ня рэтра
«нашаніўская пара» і Вільня. Глеба
пад нагамі ўжо ня тая. Колькі сьмецьця,
колькі бруду. Калі вочы не ўздымаць угору,
дык нічога ў сэрца не ўварвецца,
не палоніць ужо душу. Няма прасторы
беларускай тут — адно астанкі,
рэшткі Гораду, якога не ўтрымалі,
выпусьцілі з рук увечары, а зранку
тут ужо другой дзяржавы сьцяг узьнялі.
У прадмесьцях мкне жыцьцё, бы ў тунэлі
едзе трактар «Беларусь» з чужымі нумарамі.
Вільня ў тэлевізары ці праз акно гатэлю —
проста Вільнюс, які больш ня з намі.
Але калі адчуваеш Вострай Брамы блізкасьць,
калі крочыш паўз старыя сходы
ці гартаеш у кнігарні вершаў нізку,
ты глядзіш на Вільню, як на стода.
Зноў рамантык, і хоць гэта так наіўна,
мроіцца, што яшчэ будзем разам.
І, у Беларусь вярнуўшыся, актыўна
ты змагаешся за волю і ня верыш у паразу.
Зіма. Прадмесьце Бэрліна
У далечы блішчэецца Бэрлін,
У шыбу дзьме балтыйскі вецер.
Сяджу адзін у хаце між ялін.
І ад сябе ня ведаю, куды
Падзецца.
Надвор’е кепскае ужо каторы дзень.
Абрыдла ўсё — і дэпрэсьняк ў навінах,
І шмат разоў прачытаны Вэрлен,
І нават шчэ ня вызначаны кандыдат
Адзіны.
Такая хэнць зьмяніць гэты настрой,
Паверыць, мабыць, што ня ўсё так дрэнна,
Альбо калі так кепска, дык хаця б парой
Хай неба разьвіднеецца і не грыміць
Страшэнна.
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"