Трэба адрозьніваць дзьве рэчы: у дэмакратычнай апазыцыі ёсьць тактычная задача замяшчэньня ўлады і стратэгічная задача пабудовы незалежнай Беларусі. Дэмакратычны кандыдат мае найперш заваяваць электаральнае балота, мяркуе палітоляг Аляксандар Класкоўскі.

«НН»: Мы сталі сьведкамі выяўленьня актыўнасьці такой арганізаванай супольнасьці, як прадпрымальнікі. Наколькі імавернае яе ператварэньне ў палітычную сілу?

Аляксандар Класкоўскі: Пакуль у мяне ўражаньне, што ў палітычным сэнсе прадпрымальнікі яшчэ ня высьпелі. Выглядае на тое, што страйк можа захлынуцца. Ужо сёньня ёсьць сымптомы, што ўлада раскалола і прыдушыла гэты пратэст. Збольшага лідэры прадпрымальнікаў заўжды дыстанцыяваліся ад «чыстай палітыкі». Яны думалі, што робяць вельмі абачліва, але цяпер апынуліся ў пэўнай ізаляцыі. На гэты цягнік яны не пасьпелі і могуць быць раздушаны як кляса. Увогуле ж прадпрымальнікі ня могуць існаваць ва ўмовах сёньняшняй эканамічнай ідэалёгіі. Калі складзецца рэвалюцыйная сытуацыя, усе схаваныя, раздробненыя, запалоханыя сілы, якія па сваёй унутранай сутнасьці ня могуць успрымаць сёньняшнюю ўладу, здольныя стрэліць адначасова, што можа мець моцны кумулятыўны эфэкт.

«НН»: І гэта зробіць магчымай зьмену ўлады цывілізаваным шляхам?

АК: Самае горшае, што выбарчая машына, створаная у Беларусі, здольная даць такі вынік, які патрэбны ўладзе. У кантэксьце шанцаў на выйгрыш апазыцыйнага кандыдата трэба казаць пра спалучэньне электаральных і вулічных мэтадаў барацьбы, як гэта было ва Ўкраіне.

Калі праз год захаваецца стабільнасьць у эканоміцы, палітыцы, Лукашэнка мае стоадсоткавыя шанцы. Да іншага выніку можа прывесьці ўзьдзеяньне чыньнікаў, якія разварушаць электаральнае балота. І гэта можа адбыцца даволі хутка, бо так званая беларуская мадэль — калёс на гліняных нагах. Варта абваліцца цэнам на нафту…

«Жалезнага» дэмакратычнага кандыдата пакуль што не відаць. Можна параўноўваць шанцы, напрыклад, Казуліна і Лябедзькі, але гэта будзе гаворка пра адносныя шанцы.

«НН»: Калі цяпер няма яркай фігуры, што рабіць? Ствараць яе, шукаць?

АК: Мэханізм вылучэньня адзінага кандыдата, які выпрацавала «дзясятка», сам па сабе не дае гарантыі, што выбар спыняць на аптымальнай фігуры. Цяпер вось пайшоў шэраг вылучэньняў партыйных лідэраў. Спадзяюся, яны разумеюць сымбалічнасьць гэтага дзеяньня. У кандыдатаў-партыйцаў ёсьць пэўны «паталок» рэйтынгу. Важна разумець — сталы апазыцыйны электарат складае толькі ад 15 да 30% насельніцтва. Пад 50 адсоткаў — гэта так званае электаральнае балота. Каб прыцягнуць большую яго частку на свой бок, патрэбен кандыдат, які не асацыюецца з усім апазыцыйным нэгатывам.

«НН»: Якую ролю ў прасоўваньні кандыдата можа адыграць ягоная прарасейскасьць ці праэўрапейскасьць?

АК: Ідэальны кандыдат той, хто будзе спавядаць нацыянальныя прынцыпы і разам з тым у дачыненьні да Расеі здолее быць дыпляматам. Масква мае тут свае інтарэсы і здольная задзейнічаць рэсурсы, якія могуць працаваць альбо на карысць адзінага кандыдата, альбо супраць яго. Расеі ўсюды мроіцца нацыяналізм. Для маскоўскай кіруючай эліты гэтыя фобіі маюць сур’ёзнае значэньне. Трэба адрозьніваць дзьве рэчы: у дэмакратычнай апазыцыі ёсьць тактычная задача замяшчэньня ўлады і стратэгічная задача пабудовы незалежнай Беларусі.

З другога боку, пераацэньваць расейскі чыньнік ня варта, што паказаў досьвед Украіны. Гэта паказваюць і паводзіны беларускага прэзыдэнта ў дачыненьні да Масквы, здавалася б, недаравальныя. Пры ўсіх імпэрскіх амбіцыях у Расеі недастаткова рычагоў уплыву.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Гутарыў Арцём Лява

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0