«Беларусы павінны навучыцца мець сваю ўладу»

«НН»: Многія, калі ім кажуць пра тое, што Колас вылучаецца кандыдатам у прэзыдэнты, пытаюцца: «Ён гэта сур’ёзна?» Скажыце, Вы сапраўды цалкам сьвядома ўключаецеся ў прэзыдэнцкую гонку? Ці маеце Вы настрой да перамогі і веру ў яе, жаданьне перамагчы?

Уладзімер Колас: Асабіста мне часьцей даводзілася чуць якраз парады за гэта ўзяцца. А наконт настрою, жаданьня і да таго падобнага, то, ведаеце, я не люблю патэтыкі. Але гэтую праблему трэба вырашаць. Ад яе залежыць наш лёс. Ад яе залежыць будучыня маіх дзяцей і маіх вучняў. І будучыня маёй краіны. Мы падыходзім да апошняй мяжы, за якой ужо не застанецца магчымасьці вырашыць гэтую праблему цывілізаваным шляхам. Таму я стаўлюся да гэтай справы сур’ёзна.

«НН»: Калі і чаму Вы вырашылі пайсьці ў вялікую палітыку?

УК: Думаць пачаў пасьля 2001 году. Быў тады моцна ўражаны, як танна ўсё было здадзена. А яшчэ больш — тым, што людзі, у якіх я верыў і ад якіх чакаў канкрэтнай справы, нават не паспрабавалі яе зрабіць. Ну а пазьней палітыка сама прыйшла да мяне.

«НН»: Ці зробіцца для Вас палітыка асноўным заняткам, прынамсі, на найбліжэйшы час?

УК: Так, зробіцца.

«НН»: Апішыце, калі ласка, ваш досьвед кіраўнічай працы.

УК: Гэты досьвед ужо дастаткова апісаны. Думаю, не было ў Беларусі такой справы ці арганізацыі, якой было прысьвечана больш артыкулаў у айчыннай і замежнай прэсе, чым Беларускаму ліцэю. Хто мяркуе, што гэта здарылася выпадкова, ці само па сабе, той памыляецца. Дарэчы, доўгі час Ліцэй працаваў як Рэспубліканскі цэнтар Міністэрства адукацыі — распрацоўваў зьмест адукацыі і навучальныя праграмы, выдаваў кнігі і падручнікі, якімі маглі карыстацца ўсе беларускія школы, і меў філіі ва ўсіх абласьцях Беларусі.

Аднак хацеў бы засьцерагчы тых, хто сёньня зноў пачынае шукаць для беларусаў «бацьку», які будзе вучыць іх гуляць у хакей, перабіраць бульбу, пугай гнаць месьці вуліцу і фарбаваць траву… Ці меў, напрыклад, Вацлаў Гавал «досьвед кіраўнічай працы»? Але чэхі далі зь ім рады, і няблага.

«НН»: Якую галоўную выснову Вы зрабілі са свайго ўдзелу ў парлямэнцкай выбарчай кампаніі?

УК: Што перамагчы на выбарах — ня самая цяжкая праблема. Праблема — абараніць перамогу.

«НН»: Ці маеце Вы перадвыбарную праграму? Якія галоўныя пункты яна мае і чаму? Калі можна вылучыць стрыжнёвую ідэю вашай будучай палітыкі, што гэта за ідэя?

УК: Праграму, натуральна, маю. Дзесяць апошніх гадоў мы працягваем выпрацоўваць яшчэ бээсэсэраўскі рэсурс — з плянамі і задачамі, пастаўленымі яшчэ пры Машэраве, з адпаведнай структурай улады. Але сьвет зьмяніўся, і наша краіна нібы выпала са свайго часу. Цяперашняе кіраўніцтва, якое села на бээсэсэраўскага канька, ня хоча і ня можа разьвітацца зь ім, бо ня ведае, як гэта зрабіць. Павінна прыйсьці новая фармацыя палітыкаў, якая верне Беларусь з паралельнага вымярэньня ў рэальны час і зробіць яе не перадавой савецкай рэспублікай, а перадавой эўрапейскай краінай. Просты беларус не павінен жыць горш за немца ці француза.

Галоўная мэта маёй праграмы — беларусы павінны навучыцца мець сваю ўладу. Мы надта доўга жылі пры чужой, а часам і варожай уладзе, якая заўсёды нам хлусіла, ніколі па-сапраўднаму ня дбала пра нашы інтарэсы, ад якой трэба было хавацца, да якой трэба было прыстасоўвацца, але спадзявацца толькі на сябе. Многія проста ня вераць у існаваньне іншай, сваёй улады, якая будзе дапамагаць, а не перашкаджаць нам жыць. Але недарэчна думаць, што такая ўлада можа ўсталявацца раптоўна, у выніку некалькіх «мудрых» указаў прэзыдэнта. Мая праграма прадугледжвае паэтапнае пераразьмеркаваньне ўлады, перадачу рэальных паўнамоцтваў мясцовым органам самакіраваньня, падзел улады паміж парлямэнтам, Радай міністраў і прэзыдэнтам, судом па меры таго, як усе ўдзельнікі гэтага працэсу будуць гатовыя да чарговага этапу.

Інакш кажучы, ніякіх рэвалюцый і землятрусаў я не пляную. Мы — усе разам — паступова і асэнсавана пяройдзем ад цяперашняй прымітыўнай сыстэмы ўлады да сучаснай мадэлі, у якой будуць прадстаўленыя інтарэсы ўсяго грамадства.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Гутарыў Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0