Так цудам зноў нас вернеш на Айчыны ўлоньне.

Тым часам перанось дух сумны мой сягоньня

У край лясных узгоркаў i лугоў духмяных,

Шырока над блакiтным Нёмнам разасланых,

Да каляровых нiў, дзе жыта серабрыцца

I залачоная калышацца пшанiца,

Дзе грэчка, быццам сьнег, сьвiрэпка, як бурштыны,

I дзяцельнiк гарыць румянцамi дзяўчыны.

Так пісаў Міцкевіч у «Пане Тадэвушу». У ягоныя часы палеткі, белыя ад кветак грэчкі, быццам засыпаныя сьнегам, былі адным з паэтычных вобразаў-сымбаляў Беларусі. У «Пане Тадэвушу» грэчка згадваецца ня раз: аднаго з герояў завуць Грачэха, жаніцьба пагражае Тадэвушу пэрспэктывай стаць дамаседам-«грэчкасеем», а стол апошняй старасьвецкай бяседы ўпрыгожваюць дэкаратыўныя палеткі грэчкі, зробленыя з шакаляду. Грэчку ў нас калісьці шанавалі ўсе — ад самага беднага селяніна да самага пышнага магната.

Масавая сьвядомасьць звыкла ўспрымае грэчку як адзін са злакаў, але калі верыць батаніцы, грэчка — «аднагадовая травянiстая расьлiна сям’і драсёнавых». Яе блізкія сваякі — рэвень і шчаўе. Але з усіх сваякоў толькі яна мае такі адносна вялікі, і прытым смачны і пажыўны, трохгранны арэшак, падобны формай да букавага. Галяндцы, якія пазнаёміліся з грэчкай досыць позна, у XV ст., так яе і празвалі — «букавая пшаніца» («boechweite»), а ад іх гэтую назву пазычылі брытанцы.

У назвах легендарнай калісьці расьліны канспэктыўна запісана гісторыя Эўропы. Французы і італьянцы, якія сутыкнуліся з прыгожай незнаёмкай падчас крыжовых паходаў, дагэтуль называюць яе «сарацынскім просам», а палякі доўгі час называлі «татаркай», бо яна ўвасабляла для іх жах ад татарскай навалы ХІІІ ст. Аднак урэшце яны пазычылі ад усходніх славян назву «грыка», бо продкі беларусаў, украінцаў і расейцаў атрымалі грэчку быццам бы ў дадатак да Хрыстовай веры, зь Бізантыі, ад грэкаў.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Алесь Белы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0