Як і абяцалася, прадпрымальнікі пачалі страйк 1 сакавіка. На Кастрычніцкай плошчы Менску сабралася каля шасьці тысяч прадстаўнікоў дробнага бізнэсу з рынкаў сталіцы і іншых беларускіх гарадоў. Прадпрымальнікі, што прыпынілі дзейнасьць і з гэтага дня перасталі выплачваць падаткі, патрабавалі сустрэчы з Лукашэнкам у ягонай рэзыдэнцыі. Людзі выйшлі зь лёзунгамі «Далоў ПДВ!», «18% ПДВ. Можа, вам аддаць 100%?», «Не перашкаджайце спакойна працаваць!».

Да Менску дабраліся прадстаўнікі Бабруйску, Барысава, Лепелю, Наваполацку, Полацку, Рагачова, Салігорску, Слуцку, Сьветлагорску. Натоўп выглядаў унушальна.

«Лукашэнка пасьлядоўна ажыцьцяўляе заяўленую раней палітыку: ён абяцяў, што пацісьне руку апошняму беларускаму прадпрымальніку, і ён да гэтага вядзе, — сказаў адзін з прадпрымальнікаў Юры. — Праблема ў нас ня столькі нават у тым, каб заплаціць грошы, колькі з тымі цяжкасьцямі, якімі абстаўляе працу індывідуальнага прадпрымальніка дзяржава.

ПДВ стаў апошняй кропляй. Дый увогуле, пры ўвядзеньні такога варыянту ПДВ страчваецца сэнс адзінага падатку, пры якім улік вядзецца ў адвольнай форме — хоць у «Excel», хоць на паперы. Цяпер жа дзейнасьць індывідуальнага прадпрымальніка фактычна прыраўноўваюць да дзейнасьці фірмы.

Калі мы пачыналі сваю дзейнасьць, то матывавалі тым, што нам будзе працаваць ня так цяжка, аднак выходзіць усё наадварот».

Большасьць з тых, хто сабраўся, відавочна чакалі рашучых дзеньняў, але кіраўнік РГА «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка адразу паведаміў прысутным, што «наша мэта — не рэвалюцыі і паўстаньні». «Мы — мірныя людзі. Мы прыйшлі да Аляксандра Лукашэнкі як да гаранта Канстытуцыі, каб ён абараніў нашы правы… Аляксандар Рыгоравіч, мы — вашы людзі, і мы прыйшлі да вас зь мірам», — пракрычаў у мэгафон сп.Шумчанка, пасьля чаго заклікаў прадпрымальнікаў, «каб тут не было ніякіх сьцягоў, ніякіх лёзунгаў антыканстытуцыйных каб не было; я папрашу саміх прадпрымальнікаў правакатараў выяўляць, здаваць у міліцыю». «Лу-ка-шэн-ка!», — на прапанову аратара пачаў скандаваць натоўп.

Перад прысутнымі на пляцы выступілі Ўладзімер Колас і Мікола Статкевіч, але паколькі сп.Шумчанка папрасіў палітыкаў выступаць «без палітыкі», тыя вымушаны былі абцякальна пажадаць грамадзе перамогі.

Празь нейкі час да прадпрымальнікаў прыехаў віцэ-прэм’ер ураду Аляксандар Кабякоў. Паводле ягоных слоў, ён зрабіў гэта «па даручэньні прэзыдэнта, які папрасіў выясьніць сытуацыю, у чым прычына праявы вашаго нездавальненьня». «Вялікі дзякуй за магчымасьць перад вамі выступіць. Я надзвычай рады такой магчымасьці», — пачаў Кабякоў, пасьля чаго яшчэ раз паведаміў прысутным, што ПДВ адмяняць ніхто ня будзе. Віцэ-прэм’ер падзякаваў прадпрымальнікам за тое, што «ўчора вечарам і нават сёньня раніцай вы выканалі свой грамадзянскі абавязак і заплацілі адзіны падатак». На гэтую заяву натоўп выбухнуў: «Хлусьня!»

У выніку Кабякоў прапанаваў прадпрымальнікам два варыянты вырашэньня праблемы, якія гатовы абмяркоўваць зь імі ўрад. Першы — размаўляць «паводле мэханізму выплаты падатку» («Далоў ПДВ!» — закрычалі людзі). Другі варыянт — «разам стварыць аптовыя структуры, якія будуць вазіць тавар з Расеі: мы дамо аптовыя базы, дзе вы зможаце афармляць тавар». Прадпрымальнікі пачалі скандаваць «У адстаўку!», пасьля чаго Кабякоў зьехаў.

Потым, паведаміўшы прысутным, што сустрэча скончана і што ніхто не павінен хадзіць да будынку Адміністрацыі прэзыдэнта, зь мітынгу зьехаў і Анатоль Шумчанка, пераапрануўшыся, як потым казалі, у чужую куртку, каб пазьбегнуць затрыманьня.

Калі кіраўнікі «Пэрспэктывы» зьехалі і ніхто ўжо не баяўся, што яго як правакатара здадуць міліцыі, пад паўтары тысячы прадпрымальнікаў рушылі ў бок рэзыдэнцыі, якую апэратыўна перакрылі шэрагі АМАПу й міліцыі. Прадпрымальнікі, не разбэшчаныя раней такімі відовішчамі, паспрабавалі прарваць кардоны. Завязалася невялікая сутычка, але ў выніку дробных бізнэсоўцаў адціснулі з тэрыторыі сквэру.

2 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы сталіцы а 12-й сабралася толькі 300 чалавек. Прадстаўнікі «Пэрспэктывы» ўдзелу ў акцыі ня бралі. Акцыя трывала сорак хвілінаў, пасьля чаго амонаўцы выцесьнілі маніфэстантаў з пляцу. У гэты дзень прайшлі суды. Заблякаваны ў аўтамабілі невядомымі напярэдадні ва Ўруччы Шумчанка атрымаў 10 сутак арышту, М.Багдановіч — 200 базавых велічыняў штрафу (4 млн 800 тыс. руб.).

Крыху аптымістычней было ў Горадні, дзе на Плошчы Леніна зноў сабралася больш за паўтары тысячы гандляроў. Да прысутных выйшаў намесьнік старшыні гарвыканкаму Аляксандар Сіўцоў, прапанаваўшы прадпрымальнікам вылучыць прадстаўнікоў, каб правесьці перамовы ў больш зручных умовах. Прадпрымальнікі адмовіліся, слушна спаслаўшыся на досьвед В.Леванеўскага, А.Васільева і З.Іваноўскага. Затым яны перайшлі да будынку аблвыканкаму і ўзялі яго ў аблогу. Перамовы з намесьнікам старшыні аблвыканкаму Аляксандрам Радзевічам не далі плёну. Каля другой гадзіны «прыватнікі», выпусьціўшы пару на марозным паветры, разышліся.

Прадпрымальнікі ўзялі тайм-аўт, паставіўшы ўладам ультыматум. Да 4 сакавіка Лукашэнка мае распачаць перамовы, а да 20 сакавіка вызваліць іх ад уплаты ПДВ. У адваротным выпадку гандляры прысягнулі, што яны, іхныя сваякі і знаёмыя выйдуць 25 Сакавіка, у Дзень Волі, на Кастрычніцкую плошчу. На гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі адбываюцца традыцыйныя акцыі пратэсту. Сёлета акцыя абяцае быць шматлюднай.

Аляксей Шэін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0