Сябры Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня (БЭЗ) і грэка-каталіцкай суполкі сьвятога Язафата пры Беларускай царкве ўваскрасеньня Хрыстовага ў Антвэрпэне, правялі памінальнае набажэнства і мітынг у памяць Міколы Равенскага.

Аўтар музыкі гімну «Магутны Божа» памёр 9 сакавіка 1953 г. і пахаваны ў Лювэне.

Ганаровымі ўдзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі Рады БНР у Бэльгіі Янка Жучка і Аляксей Арэшка, што асабіста ведалі кампазытара. Луналі бел-чырвона-белыя сьцягі й харугва Згуртаваньня беларускае моладзі, зробленая ў 1948 г. Па паніхідзе на магіле кампазытара запалілі сьвечку — сымбаль памяці. Прасьпявалі «Магутны Божа», а скончылі ўсё супольным ламаньнем хлеба і келіхам віна.

Як зазначыў у камэнтары «НН» прэс-сакратар БЭЗу Сяргей Пашкевіч, паўстае праблема догляду могілак беларускіх дзеячаў, пахаваных на эміграцыі: магілы бяз догляду могуць быць зьнішчаныя. Найбліжэйшым клопатам БЭЗу мае стаць месца пахаваньня прэзыдэнта БНР Міколы Абрамчыка ў Парыжы.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0