Чамусьці артыкул аб «празнай» моладзі мяне зачапіў. Можа, таму што мой лад жыцьця дзесяць год таму, калі сама была студэнткай, падыходзіў пад акрэсьленую «празнасьць»?

Ці таму, што зь сёньняшнімі «празнымі» даводзіцца сустракацца, напрыклад, на канцэртах «N.R.M.»? Вы ведаеце, спн.Тэда Лі, што яны туды ходзяць як на дыскатэку, каб «пакаўбасіцца» і «адарвацца»? І я іх разумею. У мяне расьце трохгадовая дачка, якая таксама любіць патанчыць, асабліва пад «Zet» (улюбёныя песьні — «Радзіма — свабода» і «Анёл»).

Аднойчы я чула, як адзін хлапец пытаўся ў другога, чаму на канцэртах «N.R.M.» заўсёды разгортваюць бел-чырвона-белыя сьцягі. Можа, ня трэба іх расстрэльваць за гэта? Хай спачатку знойдуць адказ на сваё пытаньне. Пакуль Вольскі іх вучыць, што «да» па-беларуску — «так».

А ў Маскву яны рвуцца не таму, што іх «не хвалюе краіна». Сьвежы прыклад — Натальля Падольская. Як яна іх усіх зрабіла! Няўжо вы не ганарыцеся гэтай беларускай дзяўчынай і знойдзеце словы яе вінаваціць? У тым, што яна занадта таленавітая, працавітая і ўпартая? Магчыма, некалі яна прыедзе сьпяваць на чарговым шоў «За Беларусь», але гэта ўжо будзе зусім іншая гісторыя.

Прынамсі, я б не хацела, каб мяне лячыў доктар, які б у студэнцкія гады замест бібліятэкі і «анатамічкі» хадзіў на мітынгі.

І яшчэ цікава даведацца ў Тэды Лі, калі, на яе думку, час сапраўдным беларускім юнакам і дзяўчатам улюбляцца адно ў аднаго, каб, напрыклад, стварыць сям’ю, нарадзіць дзіця?

Аднойчы мой сын, калі яму было прыкладна пяць гадоў, спытаў у мяне: «Мама, а чаму мы жывём у Беларусі і не гаворым па-беларуску?» Ня памятаю, што я яму тады адказала, але цяпер я ведаю, дзеля чаго мне трэба змагацца, і ведаю, што ў гэтай барацьбе я пайду да канца. У мяне ёсьць мара — пакінуць дзецям свабодную і беларускую Беларусь.

Ірына Чатырка, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0